Ігар Тульчынскі разглядае шахматныя фігуры з вострава Льюіс у Брытанскім музеі. Фота: https://archive.is.
Ігар Тульчынскі, хедж-фондавы мільярдэр беларускага паходжання, стане спонсарам паказу габелена з Баё (Bayeux Tapestry) у Брытанскім музеі. Угода ацэньваецца ў 5 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў — гэта адно з найбуйнейшых прыватных укладанняў у асобную экспазіцыю за ўсю 273-гадовую гісторыю музея, піша Financial Times.
Чакаецца, што гэта будзе найбуйнейшае «блокбастар-шоу» Лондана для цэлага пакалення, і яно адбудзецца дзякуючы падтрымцы мільярдэра з Мінску.
Тульчынскі жыве ў ЗША, а яго хедж-фонд WorldQuant кіруе актывамі прыкладна на 10 мільярдаў долараў ад імя Millennium Management. У інтэрв’ю FT ён адзначыў, што яго захапілі «матэматычныя аспекты» гэтага тканага палатна, якое адлюстроўвае нармандскае заваяванне Англіі, і ён хоча, каб выстава ахапіла як мага больш людзей.
«Сёння многія рэчы выпускаюцца серыйна, але гэта — сапраўдны кавалак гісторыі, створаны амаль 1000 гадоў таму. Ён пераносіць вас у мінулае», — сказаў 60-гадовы Тульчынскі, які таксама кіруе бясплатным онлайн-ўніверсітэтам. Двое яго дзяцей вучацца ў брытанскай сталіцы.
Тульчынскі і Брытанскі музей адмовіліся каментаваць суму спонсарства выставы, якая адкрыецца ў верасні. Крыніцы паведамляюць, што музей шукаў менавіта 5 мільёнаў фунтаў і абраў Тульчынскага з-за яго ўвагі да адукацыі.
Джордж Осбарн, старшыня Брытанскага музея і былы міністр фінансаў, падчас урачыстай вячэры ў чацвер падзякаваў Тульчынскаму за тое, што той «падставіў плячо так, як мы і ўявіць не маглі».
Блокбастар пакалення
Габелен даўжынёй 70 метраў распавядае гісторыю ўварвання Вільгельма Заваёўніка ў Англію ў 1066 годзе. Осбарн чакае, што выстава будзе параўнальная па маштабе са знакамітай экспазіцыяй Тутанхамона 1972 года. Квіткі паступяць у продаж 1 ліпеня.
Лічыцца, што габелен быў вышыты манашкамі ў Англіі ў XI стагоддзі. Раней ён выстаўляўся ў розных музеях Францыі, але ніколі — у Вялікабрытаніі. Урад Вялікабрытаніі плануе забяспечыць артэфакт дзяржаўнай страхоўкай на суму каля 800 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на час перавозкі з Нармандыі і экспанавання.
У адказ на пазыку габелена Брытанскі музей перадасць Францыі скарбы з пахавальнага карабля Сатан-Ху і знакамітыя шахматныя фігуры з вострава Льюіс.
Мінскія карані і «сістэмнае мысленне»
Тульчынскі нарадзіўся ў Мінску (тады яшчэ ў Савецкім Саюзе), але эміграваў з бацькамі ў ЗША ва ўзросце 11 гадоў. Ён пахваліў габелен за дэманстрацыю «сістэмнага мыслення яшчэ задоўга да таго, як для гэтага з’явілася адпаведная мова».
Выхаванне ў сям’і музыкаў прышчапіла яму любоў да мастацтва, якое, па яго словах, становіцца ўсё больш важным у час, калі людзі «ўсё менш і менш узаемадзейнічаюць адзін з адным».
Спонсарства — чарговы філантрапічны праект Тульчынскага ў Лондане, дзе яго кампанія WorldQuant адкрыла свой першы міжнародны офіс. Школьная праграма дазволіць дзесяткам тысяч дзяцей бясплатна наведаць музей і ўбачыць габелен.
«Я стараюся не ўмешвацца ў палітыку… калі палітычна адбываюцца добрыя рэчы — гэта яшчэ лепш, але гэта не мая мэта. Мая мэта — уплываць на людзей», — сказаў ён.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram