Фота: сацсеткі фестываля "Прэкупалле".
На выходных прайшоў адзін з самых панкаўскіх і разняволеных фэстаў беларускай культуры ў Польшчы — Prekupalle. Публіка, што наведала «найгоршы фэст на свеце», ацаніла бунтарскі пасыл падзеі, якая стаіць на пазіцыях атмасфернага антыфэсту, прапануючы наведвальнікам быць не гасцямі, а сустваральнікамі івэнту.
«Няхай не пакрыўдзяцца многія іншыя фестывалі, але такога як Prekupalle-2025, я не бачыў за ўсе гады свайго боўтання па фестывалях», — напісаў водгук на D.I.Y.-фэст у падляшскай вёсцы Біндзюга (іншая назва Беньдзюга) наведвальнік і прадпрымальнік Дзмітрый Папоў.
Адным з выступоўцаў на іранічным форуме быў журналіст і паэт Аляксей Дзікавіцкі. Аўтар кніг «Оньдэ», «Світомузыка» і «Полэшук 2.0» чытаў свае вершы па-паляшуцку пад музыку «хэві-мэтал».
«На сцэну не палез праз сціпласць, але і пад ёй адчуў сябе на хвіліну як Ronnie James Dio, які выконвае з Black Sabbath няўміручую «Heaven and Hell» па-палеску», — падзяліўся ўражаннямі ад свайго выступу ў Біндзюзе літаратар.
На фестывалі адбылося выступленне ў незвычайнай якасці і Мікалая Рамановіча (Лаўранюка) — кінапрадзюсара, вядоўцы варшаўскага клуба «Кінакола» і былога каардынатара Нацыянальнага конкурсу фестывалю «Лістапад». Мікалай з’яўляецца вакалістам і фронтменам новага гурта (пакуль без назвы), які падрыхтаваў для слухача праграму «The Weeping Song» — трыб’ют Ніку Кейву. Можна сказаць, што на Прэкупаллі адбылася прэм’ера музычнага калектыву, які сабраўся ў Groove School Людмілы Крукоўскай.
На фестывалі-2025 даў канцэрт і слынны праект Анастасіі Шпакоўскай — Naka Piano менавіта з «класічным» — клавішным, а не гітарным акампанементам.
А таксама адбыліся выступленні Фёдара Жывалеўскага, Алеся Дзянісава, гуртоў «Кашлаты Вох», Wandraunik, польскага выканаўцы пад укулеле Тадзё Шчупака (Tadzio Szczupak).
«Вялікі дзякуй, Прэкупалле! За душэўныя сустрэчы, шчырую музыку, пога ў траве, парваныя галасавыя звязкі, дзве ночы ля вогнішча і дрымоту ў іржышчы! Да сустрэчы ў наступны раз, і, вядома ж, басанож!» — не хаваў узнёслага настрою пасля фэсту спявак.
«Prekupalle-2025 паказаў, што людзі розных нацыянальнасцяў, поглядаў і музычных густаў могуць аб’яднацца і добра весяліцца. Дзякуй усім, хто быў, то-бок спрычыніўся да стварэння 5-й, юбілейнай, часткі найгоршага фестывалю ў свеце!» — падсумаваў юбілейную эдыцыю бунтарскага фэсту прэзідэнт Рэспублікі Біндзюга, кінематаграфіст Януш Гаўрылюк.
Нагадаем, што фестываль Prekupalle — гэта мастацкі сацыяльны эксперымент самаабвешчанага прэзідэнта Рэспублікі Біндзюга Януша Гаўрылюка. Культурны падзвіжнік, кінакрытык і кіраўнік кінафэсту «Бульбамуві» надаў падляшскай вёсцы асабівы статус па аналогіі з Рэспублікай Ужупіс у Вільнюсе — кварталам мастакоў і творчых асобаў. Незалежная Бендзюга прапануе кожнаму рэзідэнту і турысту пераўтварыцца са спажыўца ў саўдзельніка падзеі.
Іранічны і «сцёбны» лозунг фэста «Музыка, кіно і ежа» — насамрэч прапанова ўключыцца ў самыя разнастайныя актыўнасці, ад прагляду кіно — да сумеснага гатавання.
Падзея прайшла сёлета ў польскай вёсцы Біндзюга на Беласточчыне 15-17 жніўня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram