Фота: сацсеткі фестывалю.
З 9 па 11 кастрычніка Мюнхен стане пляцоўкай для V Беларускага культурнага фестывалю Minsk x Minga. Сёлетні фэст, які ладзіць суполка беларусаў у Нямеччыне Razam e.V. пры падтрымцы нямецкіх інстытуцый, збярэ зорны склад удзельнікаў: ад Нобелеўскага лаўрэата міру Алеся Бяляцкага, пісьменніка Сашы Філіпенкі да электроннага праекта WTBSK Светы Бень і Сяргея Навіцкага і дуэта габрэйскай і беларускай традыцыйнай музыкі Kapela Kotra. Госці падзеі змогуць пазнаёміцца з сучаснай незалежнай беларускай культурай, а сама сустрэча стане прасторай для дыялогу паміж беларускімі творцамі і нямецкай публікай.
Фестывальная праграма афіцыйна стартуе 9 кастрычніка а 18:00 у арт-прасторы Einstein Kultur з дыскусіі «Доўгія рукі дыктатуры». Разам на адной пляцоўцы сустрэнуцца вядомыя беларускія і нямецкія грамадскія дзеячы, сярод якіх: Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі, журналістка Кацярына Андрэева, былая міністарка юстыцыі Нямеччыны і намесніца старшыні Фонду Фрыдрыха Наўмана Сабінэ Ляйтхойзер-Шнарэнбергер ды экспертка па правах чалавека ды палітолаг Бэрбель Хайдэ Уль. Размова складзецца вакол выклікаў транснацыянальных рэпрэсій і пытанняў супольнага адпору праваабарончай супольнасці.
Адкрыццё суправадзіцца музычным працягам — выступам праекта WTBSK, дзе моцная паэзія Светы Бень спалучаецца з эксперыментальнай электронікай Сяргея Навіцкага.
Музычная афіша Minsk x Minga парадуе разнастайнасцю жанраў. Апроч WTBSK, наведвальнікаў чакае сольны канцэрт Анастасіі Рыдлеўскай, а таксама выступ фолк-дуэта Kapela Kotra, які адраджае архаічную беларускую і клезмерскую музыку (музыканты таксама закруцяць гасцей у спеўна-танцавальным варкшопе). Акрамя таго, да афішы далучыўся гурт «Босае Сонца» — праект, які заварожвае слухачоў акустычным поп-рок гучаннем, аўтарскай паэзіяй ды вершамі беларускіх паэтаў.
Літаратурную частку прэзентуюць вядомыя аўтары: адбудуцца чытанні і размова з пісьменнікам Сашам Філіпенкам вакол яго бестселера «Слон», а таксама сустрэча з іранічным авангардыстам Змітром Вішнёвым ды чытанне яго новай кнігі «П’яныя не здаюцца». У праграме таксама — прэзентацыя ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі» з даследчыцай Ірынай Герасімовіч, лекцыя пра амерыкана-беларускія дачыненні і фінальная музычна-філасофская праграма аўтара «Велосипедной улицы, 51» Колі Сулімы пра беларускі стаіцызм.
Візуальнае мастацтва і традыцыі будуць прадстаўлены выставай «Ружа/Сонца» Катаржыны Сянкевіч і Аляксандра Данілкіна, а таксама супольным майстар-класам па стварэнні беларускіх і баварскіх арнаментаў. Для кінааматараў падрыхтаваны паказ стужкі «Бабулі Чарнобыля», а для сем’яў з дзецьмі — інтэрактыў па стварэнні магічных славянскіх лялек.
Галоўныя пляцоўкі фестывалю: Einstein Kultur, Bellevue di Monaco і Kulturzentrum GOROD.
Набыць квіткі на падзею можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram