Актрыса «Спадкаемцаў» Даша Някрасава, родам з Беларусі, трапіла ў скандал у ЗША — супраць яе ўжо пішуць петыцыі

Актрыса Даша Някрасава, родам з Беларусі і вядомая па серыяле «Спадкаемцы» (Succession), трапіла ў цэнтр новага палітычнага скандалу. Гэта адбылося пасля таго, як у эфіры яе падкаста «Red Scare» з’явіўся ультраправы публіцыст Нік Фуэнтэс. Вынікі гэтай размовы «выліліся» ў тое, што з кінематаграфісткай скасавала кантракт амерыканскае талент-агенцтва Gersh. А зараз на платформе Change.org з’явілася петыцыя з патрабаваннем дэпартаваць актрысу і рэжысёрку з ЗША ў Беларусь.

Што здарылася?

Скандал выбухнуў пасля таго, як стары эпізод падкаста (загружаны ў кастрычніку) «Red Scare», які Даша Някрасава вядзе з культурнай аглядальніцай Ганнай Хачыян, раптам стаў вірусным у лістападзе. У эфіры ўдзельнічаў Нік Фуэнтэс, які з’яўляецца лідарам руху «Гройпераў» — сістэмы перакананняў, апісанай СМІ як расісцкая і антысеміцкая.

Падчас падкаста абмяркоўваліся тэмы іміграцыі, Канье Уэста і рост папулярнасці самога Фуэнтэса. Выданне The New York Times апісвала Фуэнтэса як «белага нацыяналіста», які заклікаў да выключна «прабелага», хрысціянскага руху і заяўляў, што «арганізаванае яўрэйства» падрывае амерыканскую згуртаванасць.

У падкасце Някрасава не толькі абмяркоўвала Фуэнтэса, але і хваліла яго, кажучы: «Я такая прыхільніца, шчыра кажучы» («I’m such a fan, honestly»). Акрамя таго, яны абмяркоўвалі «міжнароднае яўрэйства» і дапускалі абразлівыя стэрэатыпы не толькі ў дачыненні да яўрэяў, але і ў дачыненні да італьянцаў, азіятаў і іншых супольнасцяў.

Фота: Lexie Moreland/PMC

Кар’ера і мінулыя спрэчкі

Шырокую вядомасць Дашы Някрасавай прынесла роля Комфры Пэліц у хіт-серыяле HBO «Спадкаемцы» (Succession), дзе яна з’явілася ў дзевяці эпізодах як член PR-каманды Кендала Роя. Сярод іншых яе работ — серыялы «Містэр Робат», «Змяя», «Дзікінсан», фільм «Матэрыялістка», а таксама трылер «Жах на 61-й вуліцы», які яна сама напісала і зрэжысавала. Адзначым, што «Жах на 61-й вуліцы» быў прызнаны «Найлепшым поўнаметражным дэбютам» на Берлінскім кінафестывалі ў 2021 годзе.

Нягледзячы на паспяховую кар’еру, гэта не першы раз, калі выказванні Някрасавай выклікаюць спрэчкі. Раней у артыкуле The New Yorker яна была працытаваная антысеміцкімі і антыклерыкальнымі словамі:

«Францыск — не сапраўдны Папа, мы ўсе гэта ведаем. … Вы не пазбавіцеся ад яўрэяў. Яны інфільтравалі Царкву даўно».

Вынікі скандалу

Гэтым разам скандал набраў сур’ёзны абарот. З кінематаграфісткай скасавала кантракт амерыканскае талент-агенцтва Gersh. Прычым рэакцыя была вельмі хуткай — гэта адбылося літаральна на працягу некалькіх гадзін пасля таго, як рылзы з падкаста пачалі масава распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках. Таксама актрыса была выключана са складу ўдзельнікаў будучага фільма «Іканаборац» (Iconoclast). Прадзюсары адклікалі яе запрашэнне да таго, як быў падпісаны кантракт, каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву скандалу на праект.

І літаральна нядаўна на платформе Change.org з’явілася петыцыя з заклікам дэпартаваць актрысу ў Беларусь, адкуль яна родам. Аўтары петыцыі ў сваім звароце спасылаюцца на тое, што бацька Някрасавай прыехаў у ЗША па візе H-1B.

«Цяпер […] праграма H-1B спыняецца, і ўсе, хто атрымліваў іх у мінулым, будуць дэпартаваныя, нават калі яны атрымалі грамадзянства ЗША.

Мы, ніжэйпадпісаныя, заклікаем урад ЗША таксама дэпартаваць іх дзяцей, нават калі яны з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў Амерыкі, і пакорліва просім, каб першая дэпартацыя была сімвалічнай — дэпартацыяй невялікай інтэрнэт-знакамітасці Дашы Някрасавай», — абураюцца аўтары.

На дадзены момант петыцыя набрала каля 1500 галасоў.

Дар’я Някрасава нарадзілася ў 1991 годзе ў Мінску. Дзяўчыне было чатыры гады, калі яна разам са сваёй сям’ёй эмігравала ў ЗША і пасялілася ў Лас-Вегасе, штат Невада. На сёння яна паспяховая амерыканская актрыса кіно, тэлебачання і агучвання, кінарэжысёрка, сцэнарыстка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!