Адзін дзень з Ульянай — фотарэпартаж

Фатограф і журналіст Таццяна Ткачова прапанавала Reform.by для публікацыі чарговую серыю фатаграфій пра жыццё ўкраінскіх уцекачоў у Еўропе. Мільёны людзей пакінулі свой дом з-за вайны і зараз спрабуюць знайсці сябе на новым месцы. Сёння галоўнай гераіняй стала дзяўчынка Ульяна. Папярэдні фотарэпартаж глядзіце тут.

Мы з Ульянай пазнаёміліся летам мінулага года. Я прыйшла да яе, каб зрабіць сямейны партрэт. Гэтая сустрэча запомнілася мне назаўжды. Добрай усмешкай мяне сустрэла Юля, маці Ульяны. Прапанавала гарбату і пірожныя. Праводзіла на кухню. Потым зазваніў тэлефон. Юля выйшла. Вярнулася. Расплакалася, выбачылася і сказала, што ў яе быў цяжкі дзень.

Потым яна распавяла, што роўна ў гэты дзень тры месяцы таму ў яе памерлі бацькі пасля пажару ў Чарнігаве. У сакавіку пад абстрэлы патрапілі гарадскія электрасеткі. З-за гэтага святло ў горадзе ўвесь час выключалася і ўключалася. Здарылася кароткае замыканне і потым пажар. Гэта адбылося 13 сакавіка. Юля, Зміцер і Ульяна ўжо з’ехалі з Украіны.

Упершыню ў мяне так пачыналася інтэрв’ю, і я не ведала, як я магу далей задаваць пытанні.

«24 лютага сустрэлі трывожна. Ніхто не верыў і не чакаў сапраўднай вайны. Мы жылі ў Кіеве ў раёне Падол у доме па суседстве з амбасадай Гішпаніі. Памятаю, як у тую ноч прачыналася некалькі разоў спачатку ад гукаў, як зваліўся смеццевы бак, а потым — гулу сірэн у двары. Потым шумелі працаўнікі гішпанскай амбасады, якія грузілі паперы ды іншыя рэчы. Тады я падумала, мусіць, і праўда нешта будзе.

 Заснула далей. Раніцай мяне разбудзіў мой муж і сказаў, што пачалося», — расказвае Юля.

Да пачатку вайны гэта была звычайная сям’я. Зміцер займаўся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў па ўсёй Украіне. Юля працавала ў маркетынгу і рэкламе. У Чарнігаве яны ладзілі фестываль джазавай музыкі Chernihiv Jazz Open. Ульяна хадзіла ў школу. У сакавіку Ульяна з татам збіралася ляцець у Парыж на спаборніцтвы са сваёй камандай па чырлідынгу. 24 лютага змяніла літаральна ўсё.

Ужо амаль год Юля, Зміцер і Ульяна жывуць у Гамбургу. Юля і Зміцер вучаць мову і імкнуцца зрабіць усё, каб у іх дачкі была будучыня.

Ульяне дзесяць гадоў. Ёй падабаецца Гамбург. Мы правялі разам некалькі дзён: выпускалі смаўжоў у каналы Гамбурга, якіх яна прывезла з Кіева. Як і іншых хатніх жывёл: хамелеона, цвыркуноў, чарапаху і мыш. Быў яшчэ і павук, але яго забылі ў Кіеве. Ульяна сумуе па сяброўцы, якая вярнулася ва Украіну. У наступным годзе яна пачне вучыцца ў адной з нямецкіх гімназій. Гісторыя толькі пачынаецца.

Згодна са статыстыкай Цэнтральнага рэестра замежнікаў, на 12 лютага 2023 года ў Германіі было зарэгістравана 1 062 029 бежанцаў з Украіны. Па стане на снежань 2022 года ў Гамбургу пражывае каля 32 000 украінцаў.  Усяго па даных ААН Украіну пакінула больш за 10 000 000 чалавек.

Ульяна ў сваім пакоі
Калекцыя лялек Ульяны
Ульяна збіраецца на вуліцу
Двор, дзе знаходзіцца дом Ульяны
Ульяа робіць крышталі
Ульяна падчас спаборніцтваў разам са сваёй камандай хакеі на траве «Вікторыя»
Юля і Зміцер падтрымліваюць Ульяну падчас спаборніцтваў сярод гарадскіх каманд па хакеі на траве
Ульяна слухае заўвагі трэнера каманды
Ульянін альбом для малявання
Ульяна сядзіць каля сваёй калекцыі канструктара лега, з якога пабудавала цэлы горад

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!