Rattus Sapience — вядомы праект беларускай фатографкі Марыі Карнеенка, які падыходзіць да чалавечай цывілізацыі з постантрапацэнтрычнага пункту погляду. Што калі не чалавек з’яўляецца цэнтрам сусвету, а якіясьці іншыя істоты?
22 лістапада ў FSH1 у Варшаве адбудзецца прэзентацыя фотакнігі беларускай аўтаркі — якая падсумоўвае плён яе разважанняў над надзённай тэмай. Выданне, апублікаванае ў выдавецтве ТАМAKA, злучае ў сабе фатаграфію, аналагавыя, лічбавыя і 3D-калажы фотамастачкі з Варшавы ды тэксты беларускай пісьменніцы Таццяны Заміроўскай з Нью-Ёрка. Над дызайнам кнігі працавала Аня Налецкая-Мілах.

«Rattus Sapiens — «пацук разумны» — праект Марыі Карнеенка, назва якога імгненна выклікае асацыяцыі з сучаснай чалавечай цывілізацыяй і вельмі дакладна перадае асноўную ідэю праекта: пад намі, над намі, а часцей зусім побач з намі заўсёды існавала і развівалася асобная разумная цывілізацыя, пра якую мы ведаем вельмі мала, а тое, што ведаем, з’яўляецца альбо страхамі, альбо стэрэатыпамі, — адзначаецца ў анатацыі да выдання.
— Кніга запрашае нас глыбока зазірнуць ў пацучыную нару і хаця б часова адмовіцца ад пазіцыі віду, які «перамог» у эвалюцыйнай барацьбе. У ёй ёсць элементы гульні, мок’юментары, не заўсёды рэальных, але магчымых гісторый. Гэты эфект узмацняецца заключным тэкстам — эпілогам-роздумам з пункту гледжання пацукоў, якія ставяць пад сумнеў, ці сапраўды чалавецтва існавала, ці гэта толькі міт».


Гэта другая кніга выдавецтва ТАМAKA — якое ўзяло на сябе складаную місію па стварэнні арт-выданняў. І выбар праекта Марыі Карнеенка, візуальнай мастачкі родам з Гомеля, дэманструе беларускую фатаграфію з нечаканага боку: як медыум складанай і лічбавай сучаснасці, які разважае не толькі пра чалавечы від.
Час і месца прэзентацыі: 22 лістапада, 19.00, Галерэя Duży Pokój (ul. Warecka 4/6), Варшава.
Марыя Карнеенка — беларускaя візуальная мастачка, якая працуе ў галіне фатаграфіі, сучаснага мастацтва, калажных эксперыментаў і мак’юментары. Нарадзілася ў 1981 годзе ў Гомелі. Жыве ў Варшаве, дзе цяпер развівае Беларускую фатаграфічную пляцоўку FSh1.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram