Выдавецтва Gutenberg Publisher у кастрычніку выпускае сучасны і хардкорны прыгодніцкі беларускі посткіберпанк-раман «Пентаквантар» беларускага аўтара Арцёма Шуканава.
Арцём Шуканаў задаўся аднойчы пытаннем «А што я зрабіў у свае гады для кіберпанку?» і вырашыў спакусіцца на нешта значнае. Не клапоцячыся пра наступствы, ён расчыніў літаратурныя дзверы нагою, адразу выкаціўшы на суд чытача буйны і эпічны саенс-фікшан раман.
Нягледзячы на тое, што «Пентаквантар» — гэта аўтарскі дэбют, да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам. Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёто. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян – да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер.
«Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, — гэта развіццё жанру з прыстаўкай «пост». «Пентаквантар» — менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах «Крыптаномікону» і «Лавіны» Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад «Штама Андрамеда» Майкла Крайтана і «Нэйрамансера» Уільяма Гібсана», — паведамляе анатацыя кнігі на сайце выдавецтва.
Раман выйдзе ў дзвюх кнігах. Першая прэзентацыя адбудзецца падчас фестывалю PRADMOVA у Вільні 12 кастрычніка.
На раман адкрыта перадзамова на сайце выдавецтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram