Фота: скрын відэа
З моманту высялення парафіі Святога Сымона і святой Алены з Чырвонага касцёла ў Мінску 26 верасня прайшло чатыры гады. Да чарговай гадавіны закрыцця храма вернікі даведаліся, што рэканструкцыя касцёла не завяршыцца ў студзені 2027 года, як гэта планавалася, — піша Katolik.life
Уласнік храма, дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», абяцаў, што асноўныя работы завершаць да канца 2026 года, а ў студзені будынак увядуць у эксплуатацыю.
Але цяпер вернікі заўважылі, што на пашпарце аб’екта змянілі дату. Тэрмінам заканчэння будаўніцтва ўжо значыцца не 31 студзеня, а 30 красавіка.
Былы пробашч касцёла ксёндз Уладзіслаў Завальнюк да гадавіны распавёў пра першыя месяцы пасля закрыцця.
Святар пацвердзіў, што пажару, які стаў падставай для высялення вернікаў з храма, папярэднічала разбітае акно. Гэта і шэраг іншых дэталяў могуць абвяргаць афіцыйную версію аб узгаранні праводкі — агонь мог быць наўмысна занесены звонку.
Дарэчы, вынікі расследавання аб узнікненні пажару і пабітым акне так і не былі прадстаўлены грамадскасці.
«Вернікаў выціснулі, выкінулі з храма», — сказаў Завальнюк. Таксама ён распавёў, што былы прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаваў з нунцыятуры для прыходу міні-электрастанцыю. Яе выкарыстоўвалі, калі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і прыхаджане вялі малітоўнае дзяжурства ў плябаніі, доме святара побач з Касцёлам. Ён быў адключаны ад электрычнасці, ацяплення і вады.
Але затым карыстацца міні-электрастанцыяй забаранілі. Як і «буржуйкай» пасля. Так вернікі перажылі дзве зімы, а ў выніку «з прычыны паслушэнства паважанаму Мітрапаліту арцыбіскупу Юзафу [Станеўскаму]» пробашч і прыхаджане «адступілі ад касцёла і плябаніі». Цяпер святар заклікаў не губляць надзею і працягваць маліцца аб хутчэйшым завяршэнні рэканструкцыі і вяртанні вернікаў у храм.
Нагадаем, у верасні 2022 года ў касцёле адбыўся пажар. Мінскія ўлады забаранілі эксплуатацыю будынка, а КУП «Мінская спадчына» скасавала дамову арэнды. Ад каталіцкай абшчыны запатрабавалі вызваліць будынак для правядзення рамонту.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram