Эмацыйная драма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», натхнёная гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша? Абсурдысцкі серыял «Працэсы» Андрэя Кашперскага ў фармаце поўнага метра? Сюррэалістычны цік-токерскі скетч у стылістыцы 80-х «Раб танца» Настассі Алексіевіч? Ці эксперыментальны праект акцыяніста Аляксея Кузьміча «Транзіт»?
Падобна на тое, што фестываль «Паўночнае ззяне» сабраў сёлета свой «фул хаус» з фільмаў беларускіх аўтараў, з якога гледачу прыйдзецца выбіраць, што глядзець. Х — юбілейны — форум кіно Паўночных і Балтыйскіх краін пачынае сваю працу ў анлайн і афлайн-фармаце — у Вільнюсе, Таліне і Варшаве ўжо 4 лістапада. На пэўныя стужкі Беларускага конкурсу і секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва» ўжо адкрыты продаж квіткоў.
«Большасць фільмаў сёлетняга Беларускага блоку — малабюджэтныя карціны, але ўсе яны — гэта вельмі сумленныя праекты з беларускім кодам, звернутыя да гледача. Яны з’яўляюцца свайго роду запрашэннем задумацца і падыскутаваць пра нашае нядаўняе мінулае, сучаснасць і будучыню», — адзначае каманда праекта на чале з кінематаграфісткай, прадзюсаркай Воляй Чайкоўскай.
Усяго ў названы конкурс і пазаконкурсныя секцыі былі адабраныя 16 фільмаў, мы звернем увагу на тыя, якія можна паглядзець і афлайн.
5 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней)
8, 14, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Рэжысёр Андрэй Кашперскі ператварыў папулярны сатырычны серыял «Працэсы», які ён стварыў сумесна з шоуранерам Міхаілам Зуем, у поўнаметражны фільм. Атрымалася смелая і дасціпная антыўтопія па-беларуску. У цэнтры сюжэту — кафкіянская калекцыя абсурдных анекдотаў пра грамадства, якое паступова трапляе пад уладу татальнага кантролю і прапаганды, дзе людзі ператвараюцца ў бяссэнсныя «шрубкі» сістэмы. Стужка адлюстроўвае пагрозлівыя працэсы: страх, рэпрэсіі, знішчэнне культуры і чалавечай годнасці, стварэнне вінаватых без віны. Гэта сатыра на рэчаіснасць, дзе лозунгі «Вайна — гэта Мір» і «Свабода — гэта Рабства» становяцца часткай паўсядзённага жыцця.
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
10, 16, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59
«Кроў і караоке» — анімацыйная прытча ў абгортцы камедыйнага трылера ад рэжысёра Юрыя Сямашкі, таго самага, які забраў дадому найбольшую колькасць «цаглін», форму якіх мелі ўзнагароды прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24». У гэтай іранічнай крымінальнай анімацыі мы назіраем за баязлівым ахоўнікам супермаркета, які трапляе ў небяспечную сітуацыю. Сямашка спалучае гумар і абсурд, расказваючы гісторыю пра сілу кплівага лёсу.
Закрыты паказ
Фільм-дакумент, які захоўвае памяць аб 2020 годзе ў Беларусі праз пераказ тых падзей непасрэднымі ўдзельнікамі беларускага пратэснага руху. Рэжысёрка Таццяна Свірэпа бярэ інтэрв’ю ў 25 чалавек і суправаджае іх расказ архіўнымі відэа тых дзён, што дазваляе гледачу пагрузіцца і быццам самому прайсці праз усе колы гвалту: ад затрымання да вызвалення, — якое прыйшлося зведаць шматлікім беларускам і беларусам.
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
9, 13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Кароткаметражная стужка Дашы Брыян пра цяжар вымушаных рашэнняў, што прымаюць маладыя людзі ў час войнаў і рэпрэсій. Праз побытавыя дэталі фільм паказвае псіхалагічныя наступствы, якія даганяюць бежанцаў на чужыне, калі яны пакідаюць сваю радзіму, не маючы часу на падрыхтоўку і развагі. Фільм раскрывае, што адбываецца ў душы чалавека, які вымушаны развітацца з домам, сутыкнуўшыся з невядомасцю і цяжкім выбарам наконт свайго будучага.
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Псіхалагічная драма, у якой Соня Харытанюк адлюстроўвае актуальную тэму дамашняга аб’юзу ў беларускіх рэаліях. Па сюжэце: дабрадзейная дзяўчына з артадаксальнай сям’і падвяргаецца сэксуальнаму гвалту.
9 лістапада, 19:00 — Варшава, к/т Kinoteka
Натхнёны сапраўднымі падзеямі, першы поўнаметражны фільм рэжысёркі Мары Тамковіч распавядае гісторыю журналісткі Лены, якую арыштоўваюць за асвятленне пратэстаў 2020 года. «Пад шэрым небам» — эмацыйная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай у рэаліях палітычнага тэрору ў Беларусі. Міжнародная прэм’ера карціны адбылася на Нью-Ёркскім кінафестывалі Tribeca, акрамя гэтага стужка атрымала ўзнагароду за найлепшы дэбют на найбуйнейшым польскім кінафестывалі ігравых фільмаў у Гдыні.
Квіткі на паказ ужо даступныя.
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
20 лістапада — Талін (дакладны час і месца будуць вядомы пазней)
Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр, які нарадзіўся ў Беларусі, даследуе сістэматычны характар ваенных злачынстваў ва Украіне і ўласную адказнасць за гэтую вайну.
6 лістапада, 19:00 — Вільнюс, к/т Skalvija
7, 15, 20 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Ігравая стужка Вікторыі Ягоравай расказвае гісторыю беларускай эмігранткі Наталлі, якая з’ехала ў Польшчу, ратуючыся ад пераследу за ўдзел у пратэстах, а на новым месцы стала ахвярай сэксуальнага дамагання. «Скрозь святло» — меладрама са шчаслівым канцом, у якой тэма нацыянальнай траўмы суседнічае з актуальным еўрапейскім трэндам барацьбы жанчын за свае правы.
Толькі ў анлайн-фармаце будуць дасяжныя стужкі беларускіх аўтараў: «Краіна Оз» (2024, Беларусь), «Выбар» Валерыя Навічкова (2023, Польшча), «Раб танца» Настассі Алексіевіч (2024, Беларусь), «За мяжой рэальнасці» (2024, Беларусь), Расія, Польшча, Украіна, «Барбі.ру» Жэні Дарк (2024, Беларусь), «Шэры край» Станіслава Багдзя (2023, Польшча), «Транзіт» Аляксея Кузьміча (2023, Беларусь), «Пакуль глядзіш ты на мяне» (2024, Беларусь).
Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсарка Марэянэ Острат, кінапрадзюсарка і дырэктарка кінафестывалю goEast Гэлеэн Хэрытсэн, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.
Х фестываль Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» пройдзе сёлета з 4 па 21 лістапада.
Падтрымаць кінападзею можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram