Ад магічнага рэалізму да гратэскнай сатыры: кінапраекты беларускіх кінематаграфістаў прэзентавалі на Еўрапейскім кінарынку Берлінале

Беларускае незалежнае кіно ў выгнанні працягвае інтэграцыю ў еўрапейскі кантэкст. На Еўрапейскім кінарынку (EFM) у межах Берлінскага кінафестывалю Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) правяла ўжо чацвёрты па ліку пітчынг незалежных кінапраектаў з Беларусі.

14 лютага ў лаўнж-зоне Studio Babelsberg кінакомплексу CinemaxX былі прэзентаваны шэсць кінапраектаў беларускіх фільммейкераў на розных стадыях распрацоўкі. Мадэратарам прэзентацыі BIFA Work in Progress выступіў Давідэ Абатэсціяні — італьянскі кінакрытык і журналіст міжнароднага выдання Cineuropa, эксперт, які спецыялізуецца на кінаіндустрыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Давідэ Абатэсціяні. Фота: Павел Крычко.

Якія ж праекты беларускіх аўтараў зараз шукаюць міжнародных партнёраў, прадзюсараў і фінансаванне? Распавядзем пра іх.

«Купальская ноч» (рэжысёр Ліза Чаканава, Чэхія). Гэта гісторыя пра Яну, беларускую эмігрантку ў Празе, якая ў ноч на Купалле губляе ключы ад кватэры. Гэтая невялікая непрыемнасць ператвараецца ў хаатычную адзісею па чэшскай сталіцы: праз бары, сустрэчы з сябрамі, прывідамі і правалы ў часе. Стужка пабудавана як шматперспектыўнае апавяданне, дзе гарадскі рэалізм сплятаецца са славянскай міфалогіяй. Галоўная гераіня стаіць перад выбарам: жыць далей ці паддацца спакусе і сысці ў «бяспечнае» мінулае, якое існавала да 2020 года.

Падчас пітчынгу «Купальскай начы». Фота: Павел Крычко.

«Small Talk» (рэжысёр Сяргей Кавалёў, Беларусь/Літва/Польшча). Ціхае і глыбокае роўд-муві на мяжы дакументалістыкі і драмы. У цэнтры сюжэта — шасцігадовы Мікут, якога бацькі выхоўваюць на мове, што амаль знікла. Падчас падарожжа па постсавецкім памежжы хлопчык сустракае пажылых людзей — апошніх носьбітаў гэтай мовы. Гэта фільм пра мову як апошнюю выспу свабоды і захаванне ідэнтычнасці насуперак дзяржаўным ідэалогіям. Крос-кантынентальны статус праекта ўжо сігналізуе пра патэнцыял балтыйскай і цэнтральнаеўрапейскай капрадукцыі.

«Ад сэрца да сонца» (рэжысёр Андрэй Кашперскі, Польшча). Самы правакацыйны праект сесіі, які ствараецца ў Польшчы. Галоўны герой — «Кабан», скінхэд-байкер, які пасля аварыі атрымлівае сэрца загінулага гея. Гэта правакуе поўны абсурд: героя выракаюцца паплечнікі і нават рэлігійныя бацькі. У роспачы «Кабан» пачынае думаць пра тое, каб замяніць «гей-сэрца» на сэрца дзікага вепрука, што блукае па цэнтры Варшавы. Праз гратэскную сатыру Кашперскі разбірае тэмы таксічнай маскуліннасці і нацыяналізму.

«Рыжая вавёрка» (рэжысёр ананімны аўтар, прадусар Ульяна Шаргаева, Польшча). Драмедзі, заснаваны на рэальнай гісторыі. 36-гадовая лекарка-хірург, былая палітзняволеная, выпадкова дапамагае 19-гадовай дзяўчыне пазбегнуць арышту. Цяпер яны абедзве вымушаныя бегчы з Беларусі. Фільм паказвае іх спробу перайсці «зялёную мяжу» з Польшчай з дапамогай непрадказальнага кантрабандыста. Гэта гісторыя пра жаночую салідарнасць і крохкасць здабытай свабоды.

Адна з заснавальніц Беларускай незалежнай кінаакадэміі, кінакрытыца Ірэна Кацяловіч прадстаўляе беларускія кінапраекты. Фота: Павел Крычко.

«Міс Усход» (рэжысёр Яна Шостак, Польшча). Дакументальна-гульнявы праект беларуска-польскай мастачкі Яны Шостак. Яна звяртае камеру на саму сябе, паказваючы сваё «ўкараненне» ў конкурсы прыгажосці як артыстычную інтэрвенцыю супраць патрыярхату. Яе падвойнае жыццё — актывістка днём і ўдзельніца конкурсу ноччу — ператвараецца ў абсурдны перформанс на фоне падзей на ўсходняй мяжы.

Фота: Павел Крычко.

Шостая стужка была прэзентаваная без публічнага раскрыцця імёнаў творчай групы.

Варта адзначыць, што запыты беларускіх аўтараў вагаюцца ад мікрабюджэтаў (каля €110–150 тысяч) для камерных і дакументальных прац да сур’ёзных еўрапейскіх маштабаў (€850 тысяч для праекта Андрэя Кашперскага). Такая розніца паказвае, што беларускае кіно ў выгнанні спрабуе адначасова асвойваць і нішу лакальнага артхауса, і фармат вялікай міжнароднай капрадукцыі, здольнай канкурыраваць на рынках.

Нагадаем, што першы пітчынг беларускіх праектаў на Еўрапейскім кінарынку, арганізаваны Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, адбыўся два гады таму: паслухаць беларускіх фільммейкераў у Gropius Bau сабралася больш за 70 чалавек. Прысутнічалі беларускія кінематаграфісты, еўрапейскія адмыслоўцы і прадстаўнікі кінаіндустрыі. У межах сустрэчы 2024 года Мара Тамковіч, у прыватнасці, паказала эпізод свайго першага поўнаметражнага фільма «Пад шэрым небам», прэм’ера якога адбылася ў чэрвені на нью-ёркскім фестывалі Tribeca.

Адзначым, што актыўнасць Беларускай незалежнай кінаакадэміі на Еўрапейскім кінарынку не абмяжоўваеца шоўкейсам-пітчынгам беларускіх кінапраектаў; зараз на форуме працуе стэнд BIFA, які прадстаўляе беларускае незалежнае кіно.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!