Ад магічнага рэалізму да гістарычнага фолк-хорару: беларускія фільммэйкеры прадставілі свае кінапраекты на Еўрапейскім кінарынку Берлінале

16 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку 74-га Берлінскага кінафестывалю адбыўся пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў. У ім узялі ўдзел 7 кінапраектаў розных жанраў, хранаметражу і ступені распрацоўкі. Мерапрыемства, арнізаванае Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, прыцягнула ўвагу еўрапейскай кінасупольнасці ды беларускага кінематографа.

Паслухаць беларускіх фільммэйкераў у адной з залаў у Gropius Bau сабралася больш за 70 чалавек. Прысутнічалі беларускія кінематаграфісты, еўрапейскія адмыслоўцы і прадстаўнікі кінаіндустрыі. Мадэравала пітчынг — Гэлеэн Хэрытсэн, дырэктарка Фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «goEast».

Падчас пітчынгу беларускіх фільммэйкераў. Фота: Наталля Вавілонская

Свае праекты прэзентавалі: Мара Тамковіч («Пад шэрым небам»), Саша Кулак («Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся»), Максім Птушкін («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»), Надзея Якімовіч («Паляванне»), Марта Верас («Гарышчы для галубоў»), Вікторыі Шнайдэр («Абуджэнне»), Юлія Айно («Паўночнае ззянне»).

Сузаснавальнікі кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў выбралі гэтыя кінапраекты з 40 заявак, якія падалі беларускія кінематаграфісты для ўдзелу ў пітчынгу на Еўрапейскім кінарынку. Сярод адабраных аказаліся 4 ігравыя, 2 дакументальныя і 1 анімацыйны праект. Гэта кінапраекты як пачаткоўцаў, гэтак жа і спрактыкаваных рэжысёраў і рэжысёрак. Па ступені распрацоўкі ёсць тыя, што пакуль уяўляюць сабою толькі сцэнар, а ёсць ужо гатовыя фільмы. Трэба адзначыць, што гэтыя 7 праектаў з’яўляюцца сапраўдным жанравым разлогам: ад магічнага рэалізму ці сатырычнай драмы да гістарычнага фолк-хорару і нават крымінальнай гісторыі.

На пітчынгу кінадзеячы падзяліліся падрабязнасцямі магчыма будучых фільмаў і нават прадэманстравалі фрагменты тых праектаў, якія ўжо зняты.

Напрыклад, Мара Тамковіч паказала эпізод свайго першага поўнаметражнага фільма «Пад шэрым небам», прэм’ера якога павінна адбыцца ў гэтым годзе. Праект натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, адзін з персанажаў інспіраваны асобай Дар’і Чульцовай.

Рэжысёрка Мара Тамковіч разам з прадзюсаркай Катажынай Ацяшыньскай распавядае пра свой фільм «Пад шэрым небам». Фота: Наталля Вавілонская.

Рэжысёрка Саша Кулак паказала трэйлер свайго праекта «Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся», які прысвечаны беларускаму Палессю, яго традыцыям і жыхарам.

У аснове анімацыйнага праекта «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Максіма Птушкіна аднайменны зборнік фантастычных твораў з жыцця беларускай глыбінкі пісьменніка Яна Баршчэўскага. Максім апісвае свой праект як энцыклапедычную этнаграфічную гісторыю таго, што адбылося за тысячы гадоў; пратаганістам гісторыі з’яўляецца офісны імперскі цэнзар. Праца над праектам вядзецца ўжо чатыры гады і ўяўляе сабой вялікае гістарычнае даследаванне. У камандзе Максіма нават ёсць сапраўдны вучоны.

Надзея Якімовіч шукала на пітчынгу прадзюсара і рэжысёра для свайго праекта. Аўтарка — сцэнарыстка сваёй будучай карціны «Паляванне». Гэта — крымінальная гісторыя, дзеянне якой адбываецца ў вёсачцы Белавежскай пушчы. Тэарэтычна яна аб расследаванні і пошуку злачынцаў, якія палююць на зуброў, але Надзея прызналася, што фактычна, гэта яе метафара таго, што адбываецца ў Беларусі прама цяпер: як людзі, якія павінны абараняць закон, становяцца часткай сістэмы, і пачынаюць яго парушаць.

Праект Надзеі Якімовіч мае назву «Паляванне». Фота: Наталля Вавілонская.

Юлія Айно ў праекце «Паўночнае ззянне» плануе ўзняць тэму першай міграцыі. Яна сама ўжо як 20 гадоў не жыве ў Беларусі і прызнаецца, што нават калі ты выдатна жывеш у Фінляндыі (як у яе выпадку), усё роўна іміграцыя — гэта заўсёды пра страту і боль, — і на гэтую тэму трэба рэфлексаваць.

«Гарышчы для галубоў» — дакументальны праект Марты Верас мае экалагічную скіраванасць.

Юлія Айно ў праекце «Паўночнае ззянне» плануе ўзняць тэму першай міграцыі. Фота: Наталля Вавілонская.

Да пітчынгу і ўдзелу ў Еўрапейскім кінарынку фільмейкеры рыхтаваліся загадзя, у гэтым ім дапамаглі запытаныя ментаркі з Фінляндыі і Італіі з вялікім вопытам працы ў кінаіндустрыі — Леэна Пасанэн і Стэфана Тэальдзі. Разам яны распрацавалі выступ на пітчынгу і зарганізавалі сустрэчы з прадстаўнікамі міжнароднай індустрыі кіно. Таксама эксперткі далі беларускім кінадзеячам парады, як самастойна дзеяць на кінарынку.

Галоўнай мэтай пітчынгу для аўтараў і аўтарак было знайсці партнёраў для рэалізацыі сваіх ідэй. Многія з удзельнікаў шукалі прадзюсараў у каманду праекта. Таму магчымасць расказаць пра свой праект еўрапейскім прадзюсарам можа дапамагчы кінапраектам перарасці ў рэалізаваныя беларускія фільмы. А бурныя абмеркаванні пасля пітчынгу ўказваюць на тое, што, магчыма, хутка мы будзем глядзець гэтыя фільмы на вялікім экране.

Падчас пітчынгу беларускіх кінапраектаў. Фота: Аляксандр Шэлегаў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!