Абвясцілі пераможцаў галоўнай беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця

Сёння ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў трынаццаты раз прайшла цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця.

Прэмія ўручалася за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.

Фіналістак і фіналістаў прэміі прадставілі з дапамогай буктрэйлераў, створаных творчай кінагрупай з Гданьска і агучаных камандай прафесійных выканаўцаў аўдыявыдавецтваў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by».

Узнагароду ад імя Валянціна Акудовіча атрымала дачка пісьменніка — Вераніка Акудовіч. Скрыншот з трансляцыі.

І месца «за змястоўную і шырокую панараму беларускую інтэлектуальнага жыцця» заняла кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў».

«Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў, – патлумачыў канцэпцыю свайго выдання аўтар Валянцін Акудовіч. — Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе «мая краіна». З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам ізноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!».

Аўтар атрымае грашовую прэмію.

Скрыншот з трансляцыі.

ІІ месца «за шчыры аповед залучанай назіральніцы і ўдзельніцы сучаснай гісторыі» атрымала кніга «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч».

Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гродне і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.

За другое месца прапануецца творчая стыпендыя ў Доме пісьменніка на востраве Готланд у Швецыі.

Скрыншот з трансляцыі.

ІІІ месца «за дакументальна-мастацкае сведчанне пра трагічную старонку беларускай гісторыі, важнае ў цяперашні час» атрымала кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода».

Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, – без інтэрпрэтацый.

У рэцэнзіі, напісанай адным з сябраў журы, напісана: «Маштаб паваеннага супраціву, мяркуючы нават па адной тэчцы, ахопліваў увесь захад Беларусі. Ня тое што раёну, а, пэўна, сельсавету не было без сваёй «террористической банды». Дык кім жа яны былі ў масе сваёй? Узброеныя паўстанцы паваенных часоў? Палітычнымі змагарамі, нацыянальнымі партызанамі ці ляснымі разбойнікамі? Чытайма кнігу – і атрымаем адказ».

Аўтар займеў магчымасць выдаць наступную кнігу.

Еўрарадыё, як адзін з партнёраў сёлетняй прэміі, уручыла свой спец-прыз. Кніжны клуб рэдакцыі вызначыў пераможцу — «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» Евы Вайтоўскай, у якасці ўзнагароды зробяць эксклюзіўны запіс аўдыякнігі.

У склад журы ўвайшлі сямёра літаратурных экспертаў і экспертак, сярод якіх літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, ад’юнкт кафедры беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.

Reform.news пацікавіўся ў сябра журы прэміі Сяргея Кавалёва пра крытэрыі вызначэння кніг-пераможцаў.

«Нягледзячы на крызісны час, на эміграцыю выдавецтваў, крытэрыі не змяніліся, гэта — мастацкі змест і адлюстраванне часу, — патлумачыў літаратуразнаўца. — Кароткі спіс мы выбралі адзінагалосна, хоць у некаторых сябраў журы былі свае ўпадабанні. Што цікава: калі я прагледзеў гэты спіс, то заўважыў, што большасць з кніг напісана пра час, пра нейкі этап у нашай гісторыі.

«Забіць упалмінзага» Змітра Бартосіка прыадкрывае старонкі супраціву вёскі 1940-50-х гадоў. «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча — хроніка часу «буры і націску» канца 1980-90-х — пачатку 2000-х, калі фармавалася новая беларуская літаратура, выспявала новае мысленне. «Час пустазелля» Ганны Янкуты — пра апошнія гады пасля 2020 года, пра асэнсаванне часу. У кнізе «На прызбе ў Сілічах» Марыі Вайцяшонак, аўтарка, якая не магла пісаць гэту кнігу самастойна, асэнсоўвае сябе ў гэтай новай сітуацыі.

Сапраўды многія кнігі прапануюць нам партрэт часу, гэта ўлічвалася, але добры партрэт часу ўлічваецца заўсёды».

Пра кнігу Валянціна Акудовіча літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў сказаў наступнае: «Коратка адказаць на пытанне «пра што кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым…», можна так: пра Валянціна Акудовіча, пра фенаменальны для аўтара і для ўсёй Беларусі час і пра герояў гэтага часу, архітэктараў і будаўнікоў новай інтэлектуальна-мастацкай прасторы…

Валянцін Акудовіч пазначае, што яго кніга — гэта хроніка інтэлектуальнага жыцця Беларусі, хроніка беларускага інтэлектуала. Гэта фактычна і партрэт часу, і гісторыя станаўлення самога Акудовіча, «хроснага бацькі Бум-Бам-Літу», «беларускага прарока постмадэрнізму». Гэта вельмі цікавы постмадэрністычны тэкст, складаны па структуры, у якім знайшлося месца і для біяграфічных успамінаў аўтара, і для ягоных ранейшых твораў у розных жанрах, і для хронікі інтэлектуальнага і мастацкага жыцця Беларусі на працягу чатырох дзесяцігоддзяў, і для партрэтаў знакавых постацяў беларускай культуры і навукі, для рэцэнзій Акудовіча на тэксты сяброў-паплечнікаў і для рэцэнзій сяброў-паплечнікаў на тэксты самога Акудовіча, і для сачыненняў навучэнак Беларускага Калегіума…

Сама кніга напісаная з гумарам, самаіроніяй, уласцівымі Акудовічу і ў творчасці, і ў жыцці».

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца з 2012 году. Яе лаўрэатамі ў розныя сезоны станавіліся Уладзімер Някляеў, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась у конкурсе перамагла пісьменніца і журналістка з Падляшша Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы»

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН Беларускі ПЭН / PEN Belarus, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!