Фота: Беларускі ПЭН.
24 кастрычніка ў варшаўскай прасторы REDAKCJA BAR адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку 2025 года. Лаўрэатамі сталі Ліна Хесэ і Ігар Юхневіч за вокладку кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень і Ліны Хесэ.
Узнагарода ўручаная «за майстэрскую гульню паміж крафтам і поп-артам, за дзіцячую адкрытасць, за дарослы сімвалізм».
«Я ўжо 27 гадоў жыву ў Германіі. І як многія з вас у эміграцыі, часта сутыкаюся з пытаннем, адкуль я прыехала. Чамусьці па нерастлумачальных абставінах першым варыянтам, які мне заўсёды прапаноўвалі, была Беларусь. І цяпер, напэўна, я магу сказаць, што трохі — ці нават моцна — з Беларусі. Дзякуй, што змагла зрабіць свой унёсак у гэтую культуру, і дзякуй Свеце Бень за поўны давер да нас з Ігарам у гэтым працэсе», — прызналася падчас атрымання «Анёла» (фірмовай статуэткі Прэміі) Ліна Хесэ.
«У мінулым годзе я таксама быў лаўрэатам, але з іншай мастачкай — Машай Мароз, — заўважыў Ігар Юхневіч.— Вось так мне шанцуе на партнёрак-мастачак! І ў гэтым годзе я вельмі рады, што адзначана наша сумесная праца. Але, на маю думку, Ліна, гэта больш твая ўзнагарода, чым мая», — прызнаўся ён.
Імпрэза ладзілася ў новай прасторы REDAKCJA BAR — Прэмія імя Міхала Анемпадыстава сталася першым публічным мерапрыемствам ініцыятывы каманды Reform.news.
Вечарына пачалася з прэзентацыі выдання «Форма прысутнасці», прысвечанага беларускай кніжнай вокладцы як асобнай культурнай з’яве, і працягнулася размовай пра тое, як ствараецца і чытаецца візуальны вобраз кнігі.
У дыскусіі, мадэраванай куратаркай Вольгай Мжэльскай, удзельнічалі пераможцы мінулых гадоў – дызайнеры Святлана Дземідовіч, Анатоль Лазар і Ігар Юхневіч.
Удзельнікі адзначылі, што сярод ключавых крытэрыяў добрай вокладкі застаюцца арыгінальнасць ідэі, выразны сюжэт і чытальнасць здалёк, хоць часам, у залежнасці ад мастацкай задачы, вокладка свядома робіцца складанай для ўспрыняцця.
Дызайнер Ігар Юхневіч падкрэсліў сучасны трэнд: у эпоху анлайн-кнігарань вокладка мусіць быць эфектыўнай і выразнай нават у мікрапамеры — на экране смартфона. У сваю чаргу Анатоль Лазар акцэнтаваў увагу на тактыльнасці і каштоўнасці фізічнага носьбіта: «Папяровая кніга сёння — рэч дарагая, таму дызайнер мусіць ствараць аб’ект, які прыемна трымаць у руках».
На імпрэзе працавала выстава «Восем вокладак як восем гісторый». На ёй паказалі праекты з кароткага спісу прэміі Анемпадыстава.
Сёлета на конкурс на найлепшую кніжную вокладку было пададзена 59 кніжных вокладак.
«Конкурсная падборка досыць стракатая і няроўная, — пракаментаваў актуальную эдыцыю Прэміі дызайнер і сябра журы Анатоль Лазар. — Частка работ па-ранейшаму застаецца ў межах «аматарскага афармлення». Але ёсць добрая тэндэнцыя выхаду беларускага кніжнага дызайну ў прастору самастойнага аўтарскага выказвання. У большасці работ, адабраных у доўгі спіс, вокладка ўжо не з’яўляецца проста ілюстрацыяй да назвы. Многія дызайнеры паспяхова ствараюць уласны візуальны код кнігі: метафару, сістэму знакаў, тыпаграфічную інтрыгу або адмысловую атмасферу».
Падчас цырымоніі Беларускі ПЭН узгадаў спадчыну патрона прэміі Міхала Анемпадыстава – мастака, дызайнера, паэта і культуролага, чыя творчасць паўплывала на фармаванне сучаснай беларускай візуальнай культуры. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае яго традыцыю ўважлівага стаўлення да візуальнай мовы, у якой форма, колер, тэкст і матэрыял ствараюць адзіны мастацкі вобраз. Падчас імпрэзы быў паказны міні-фільм пра мастака і паэта.
Тэндэнцыя прэмій апошніх гадоў — ананімныя аўтары. Ганаровымі дыпломамі фіналістаў сёлета быў адзначаны два дызайнеры, якія вымушаны хаваць свае імёны па прычыне небяспекі.
Таксама дыпломы атрымалі выдавецтвы, чые кнігі прынялі ўдзел у конкурсе.
Як раскрыла журы сваю творчую «кухню», вокладка-пераможца была абраная з вялікім адрывам ад астатніх фіналістаў. Нягледзячы на тое, што «Беспрацоўнае дрэва» — гэта кніга для дзяцей.
Суаўтарка і мастачка Ліна Хесэ прызналася, што шлях да галоўнага вобраза — таго самага дрэва — быў няпростым.
«Наша кніга нарадзілася з сумеснага са Светай Бень спектакля, – нагадала яна. – Сярод класічных кніг мы апынуліся выданнем, дзе моцна пераважае візуальны складнік. Вокладка стала самым апошнім крокам — я максімальна доўга адкладвала яе стварэнне, бо шукала выяўленне галоўнага героя. Усе іншыя расліны ў аповедзе нараджаліся лёгка, а да дрэва ўсё не атрымоўвалася падступіцца», – распавяла мастачка.
Пасля афіцыйнай часткі вечар працягнуўся музычным сэтам Papa Bo Selektah.
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава заснаваная ў 2019 годзе. Яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак і спрыяе развіццю беларускай кніжнай візуальнай культуры.
Сярод лаўрэатаў мінулых гадоў – Грыгорый Канцэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер», Алена Дашкевіч за «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў», Анатоль Лазар за «(Не)расстраляныя», Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за «Людзі Лесу / Ludzi Lesu», Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за «Побач», а таксама Маша Мароз і Ігар Юхневіч за «Мое баба – діректор морга».
Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram