Абвешчаны шорт-лістары Прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава

Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі 2024 года.

З дваццаці выданняў, якія трапілі ў доўгі спіс, у фінал сёлета выйшлі шэсць кніг, што ўражваюць адметнасцю візуальных рашэнняў, выразнай канцэпцыяй і тонкім пачуццём матэрыялу.

У кароткім спісе:

1. Андрэй Пакроўскі, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Гіброіды» Сяргея Прылуцкага (Мяне Няма, 2024)

2. Маша Мароз, Ігар Юхневіч – вокладка кнігі «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, Валерыя Мароза, Ігара Бабкова, Ганны Карпенкі (самвыд, 2024)

3. Артур Вакараў – вокладка кнігі «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка (Kamunikat.org, 2024)

4. Анастасія Вішнякова – вокладка кнігі «Залатое» Наталкі Кучмель (Пфляўмбаўм, 2024)

5.  Ігар Юхневіч, Маша Мароз – вокладка кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024)

6.  Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак, Верна Харт – вокладка кнігі «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» Таццяны Заміроўскай (Мяне Няма, 2024)

Сябра журы Надзея Зелянкова апісвае свае ўражанні ад сёлетняга кароткага спісу наступнымі словамі:

«Чакала пабачыць у кароткім спісе вокладкі, у якія аўтары ўклалі бездакорны ўзровень прафесіяналізму і шматслаёвую ідэю, што стварае багацце інтэрпрэтацый і вымагае задаваць пытанні, браць кнігу ў рукі ды шукаць адказы. 

І — убачыла такія кнігі. Тыя, што хочацца адразу прачытаць, узяць з сабой у дарогу ці набыць сябру.

Цікава бачыць кнігі з розным падыходам: больш класічныя і прадказальныя ў дызайне, але ад гэтага не менш прафесійныя; смелыя — што дазваляюць сабе эксперыментаваць і нават хуліганіць.

Асабліва каштоўна, калі відаць стаўленне да кнігі як да асобнага мастацкага праекта, са стварэннем ілюстрацый ці нават распрацоўкай уласных шрыфтоў.

Упэўненасці ў поспеху дадае і тое, што такія эксперыменты падтрымліваюць самі чытачы: частка кніг друкуецца пасля аплаты пакупнікамі сваіх асобнікаў».

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.

Яе арганізатары — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».

Імя пераможцы будзе абвешчана падчас вялікага канцэрту фестывалю «Бардаўская восень» у Бельску-Падляскім 25 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!