Журы прэміі Ежы Гедройця вызначылася з кароткім спісам. Шэсць абраных кніг працягнуць барацьбу за галоўную ўзнагароду.
«Гульні Цырцэі. Раман» – Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org)
Рэтракрымінал Змітра Дзядзенкі пераносіць нас у Оршу пачатку 1920-х. Горад ужо некалькі гадоў жыве «пад прыцэлам»: немцы, паўстанне левых эсэраў, дзейнасць ЧК, атрады зялёных і дэзерціраў… Кніга распавядае пра жыццё жыхароў горада часоў вялікіх перамен, аднак вачыма дзяцей, якія прыдумваюць сваю дзіцячую краіну, у якую пераносяць усё тое, што бачаць навокал: крымінал, рэвалюцыі, расстрэлы…Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў Оршы, даследуе і раскрывае гэты горад праз навуковыя і мастацкія тэксты.
«Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»)
Кніга, у якой асабістая гісторыя ператвараецца ў мазаіку з мноства жыццяў, сцэн, пачуццяў і сюжэтаў. Аўтар вандруе праз час і прастору, праз каханне, сяброўства, сустрэчы і страты, ствараючы прастору для счытвання сябе без самапрэзентацыі. Гэта сталенне без школьнай маралі — праўдзівае, дынамічнае і глыбока чалавечае.
«Перамена месцаў» – Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўбаўм»)
Гэты містычна-рэалістычны раман пачынаецца як камэдыя інтрыгі, але чым далей, тым болей ператвараецца ў сацыяльную драму. У новым цягніку, які рушыць з Менску ў Гомель, мяняюцца месцамі дзве пасажыркі, Альбіна і Маня. Наступны дзень прыносіць жахлівую навіну: яны памяняліся не толькі месцамі, але і целамі. Кожная прачынаецца не ў сваім ложку, і цяпер Мані з вёскі Алешнікі належыць ісці ў суд у статусе суддзі, а Альбіне — будаваць стасункі з Маніным мужам Толікам, які не начаваў дома.
«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандар Лукашук (выдавецтва «Вясна»)
Аляксандар Лукашук узначальваў Беларускую службу Радыё Свабода з 1998 да 2023 году і расказвае, як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і зь ім самім. Трыццаць год на Свабодзе аўтар адчувае як адзін дзень, таму храналёгія кнігі не каляндарная, а танцавальная: крок наперад — два назад, направа — налева, уцёкі…
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»)
Аповед можна чытаць як працяг папярэдняга рамана Анкі Упалы «На заснежаны востраў» або як асобную кнігу. Спякотным летам 2018 года пісьменніца і перакладчыца Алена ў чарговы раз выпраўляецца ў Швецыю. Гэтым разам каб купацца ў вадаёмах Стакгольма і працаваць з сямейным архівам. Таемна ад усіх Алена чакае сустрэчы з Тунці, колішняй суданскай аднагрупніцай па класе шведскай мовы, якая надоўга перарвала сяброўства без усялякіх тлумачэнняў. Цяпер Алена іх атрымае. Аднак на фоне апакаліптычнага надвор’я руйнуюцца і яе планы, усё ідзе не так, як задумвалася.
«Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»)
Гэты дэтэктыў упісаны ў кантэкст «рэвалюцыі дваццатага года». Стылёва дасканалы, з тонкім гумарам і небанальным сюжэтам. У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў — абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны. Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных…
Прэмія Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу мастацкай ці дакументальнай прозы, выдадзеную ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця – 2025 пройдзе ў Гданьску 15 лістапада 2025 года.
Сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў мы анансуем спецпраект аб фіналістах прэміі. Пачынаючы з кастрычніка мы будзем распавядаць пра шортлістараў узнагароды — фармат публікацый падкажа нам кніга: ці гэта будзе інтэрв’ю з аўтарам, ці рэцэнзія на кнігу, ці нешта іншае і нечаканае.
Сачыце за публікацыямі!
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram