У суботу, 30 лістапада, у Познані пачынаецца заключная частка фестывалю PRADMOVA. На працягу двух дзён адбудуцца прэзентацыі кніг і аўтарскіх праектаў, лекцыі, канцэрты, спектаклі і інтэрактыўныя майстар-класы.
Сярод яркіх падзей фестывалю — прэзентацыя паэтычнага зборніка «Астралябія Божых таямніц» ад беларускамоўнай паэткі з Іспаніі Анхелы Эспіносы Руіс, якая дэманструе сувязь беларускай мовы і культуры з міжнароднай супольнасцю. Ганна Янкута прадставіць сваю дзіцячую кнігу «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», якая ўжо палюбілася маленькім чытачам, таксама ў межах познаньскай PRADMOVA адбудуцца перфарматыўныя чытанні Жэні Давідзенкі «10 гадзін наўпрост дадому» і паказ спектакля «Шум» ад Teatr Emigrant.
Для аматараў гісторыі і культуры адбудуцца цікавыя лекцыі і дыскусіі. Сярод іх выступ Віктара Шадурскага і прэзентацыя яго даследавання «Нараджэнне беларускага Левіяфана», прысвечанага перыяду пераходу Беларусі ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарызму.
Навуковая сенсацыя чакае наведнікаў імпрэзы «Мінулае і будучае беларускага самвыдату» ад Таццяны Астроўскай і Уладзіслава Гарбацкага.
Музычная частка фестывалю аб’ядноўвае розныя фарматы і стылі: ад спеўных сходаў да сучасных праектаў, такіх як музычна-паэтычны праект «Літараноты» стануць яркім завяршэннем аднаго з фестывальных дзён. На ўсіх пляцоўках будзе працаваць кніжны кірмаш, дзе наведвальнікі змогуць набыць навінкі беларускай літаратуры, пазнаёміцца з новымі выданнямі і пагутарыць з аўтарамі і выдаўцамі.
Цалкам праграма тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram