Абвешчана грамадзянская ініцыятыва «Сапраўдная гісторыя»

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Абяднанага пераходнага кабінета абвясціла месяц вяртання да сапраўднай гісторыі.

Мэта ініцыятывы «Сапраўдная гісторыя» — узмацніць гістарычную самасвядомасць і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, а таксама давесці, што праўдзівая гісторыя — гэта аснова для разумення сябе, сваёй культуры і будучыні краіны.

Як адзначылі ў структуры АПК, «падставай для ініцыятывы стала чарговая хваля рэсаветызацыі ў адукацыі, у тым ліку з’яўленне новага падручніка па гісторыі Беларусі, які вяртае школьнікаў у савецкую інтэрпрэтацыю мінулага і супярэчыць прынцыпам аб’ектыўнай гістарычнай навукі».

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі ўпэўнены, што такі падыход паглыбляе інфармацыйную ізаляцыю і вядзе да фарміравання ў маладых людзей скажонага ўяўлення пра ўласную краіну: «Калі школа ператвараецца ў інструмент ідэалагічнай прапаганды, адказнасць за сапраўдныя веды пра гісторыю краіны становіцца справай саміх бацькоў і грамадства.

Гэта акцыя прысвечана таму, каб мы, як бацькі, якія рупяцца пра будучыню сваіх дзяцей, не хавалі галаву ў пясок і не дазвалялі дзяржаўнай прапагандзе прамываць ім галовы скажонай падробкай пад беларускую гісторыю, якую распавядаюць вуснамі каланізатараў. Таму кожны і кожная з нас можа зрабіць невялікія высілкі для таго, каб на сямейным узроўні падбаць пра ўласных дзяцей».

На працягу месяца вяртання да сапраўднай гісторыі прадстаўніцтва заклікае гаварыць з дзецьмі пра гісторыю Беларусі і яе месца ў Еўропе; паказаць ім надзейныя крыніцы інфармацыі пра беларускую гісторыю і культуру; паглядзець гістарычны відэаблог або паслухаць падкаст; пачытаць кнігі беларускіх аўтараў, якія папулярызуюць нацыянальную гісторыю, — Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі і іншых; абмеркаваць убачанае і пачутае.

Да канца лістапада ў тэлеграм-канале прадстаўніцтва будуць публікавацца тэматычныя матэрыялы пра сапраўдную гісторыю Беларусі. Таксама там заклікаюць дзяліцца сваімі гісторыямі ўдзелу ў акцыі ў сацсетках з хэштэгамі: #ВяртаемГісторыю #ViartajemHistoryju #СапраўднаяГісторыя #SapraŭdnajaHistoryja – далучацца да акцыі блогераў.

Акцыя разлічана на месяц, але можа быць працягнута.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram</blockquot

🔥 Поддержите Reform.news донатом!