Паэт і музыка Алесь Плотка, пісьменнік і блогер Аляксандра Чарнуха з 9 жніўня выпраўляюцца ў вялікі літаратурны тур. Ён ахопіць 13 гарадоў і будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Падчас падарожжа аўтары прадставяць свае творы: Алесь Плотка распавядзе пра арт-бук «Bloodlands», дзе важным складнікам з’яўляюцца яго вершы; Аляксандр Чарнуха прэзентуе беларускую версію свайго рамана «Свінні».
«Bloodlands 20/22» — гэта дыхтоўны фотаальбом з вершамі, створаны Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам. У фокусе аўтараў — «крывавыя землі», Беларусь і Украіна, і іх пакутліва розны шлях дэкаланізацыі. Акрамя аўтарскіх твораў кніга змяшчае некалькі перакладаў украінскіх літаратараў, 100 працэнтаў кошту ідуць на рэабілітацыйны цэнтр «Ланка», створаны беларусамі ва Украіне для ваяроў-замежнікаў, найперш беларусаў. Ужо сабрана блізу 2000 даляраў.
Раман «Свінні» за аўтарствам Аляксандра Чарнухі — гэта калейдаскоп вар’яцкіх выяў, пры гэтым настолькі штодзённых і звыклых, што смех перыядычна змяняецца сумнай усмешкай. Гэта вялікая кніга сацыяльнай сатыры, дзе чытач заўважыць усім вядомыя цытаты і знойдзе алюзіі на падзеі 2020 года ў Беларусі.
Твор стаў арттэрапіяй для пражытага за апошнія гады і ненаўмысна вярнуў шырокаму колу чытачоў цікавасць да класікі — «Запісак Самсона Самасуя» (1929). За год раман «Свінні» прачыталі больш чым у трыццаці краінах, а п’есу па рамане купалаўцы паставілі ў тэатры Rampe у Штутгарце. Цяпер сатырычны бэстсэлер можна прачытаць па-беларуску, ён жыве сваім жыццём і змяняецца, як і ўсё беларускае грамадства.
Алесь Плотка і Аляксандр Чарнуха распавядуць пра літаратурныя навінкі ў Таліне, Познані, Вільні, Рызе, Франкфурце, Празе, Дзюсельдорфе, Берліне, Батумі, Тбілісі, Капенгагене, Гаазе і Брусэлі. Тур працягнецца да лістапада.
Сачыць за раскладам выступаў можна на старонках аўтараў — тут і тут.
Кнігі можна замовіць па ўсім свеце на сайтах выдавецтва і выдання адпаведна.
Таксама на гэтым тыдні можна зрабіць папярэднюю замову адмысловай цішоткі для гэтага літаратурнага тура.