Аўтар сацыяльных праектаў Андрэй Эзерын выдаў кнігу-дапаможнік з практычнымі рэкамендацыямі для беларусаў-эмігрантаў

Камунікацыйны кансультант і аўтар сацыяльных праектаў Андрэй Эзерын выдаў сваю першую кнігу, якую акрэсліў як «гібрыд мастацкай прозы і камунікацыйнага кансалтынгу».

«Ген мігранта. Пачатак» утрымлівае практычныя рэкамендацыі для беларусаў-эмігрантаў.

У кнізе — 25 кароткіх гісторый аб выкліках, з якімі сутыкаецца чалавек, які адважыўся на пераезд у іншую краіну ў немаладым узросце. Кніга мае пазнаку «45+», але, як адзначае аўтар, яе варта чытаць і маладзейшым людзям. Для іх яна стане настаўленнем, якое засцеражэ ад многіх памылак і дазволіць падысці да чарговага жыццёвага рубяжу падрыхтаваным да магчымых выпрабаванняў.

Андрэй Эзерын у размове з Budzma.org расказаў, што грамадскага дыскурсу, накіраванага на немаладых мігрантаў, няма. Таму з прафесаркай Ірынай Сідорскай увосень мінулага года ён пачаў рабіць праект «План С» для падтрымкі мігрантаў 45+.

«План С» пазначаны на ўсіх рэкламных выявах кнігі «Ген мігранта». Аднак кніга ўсё ж праект аўтарскі.

«Гэтая кніга ў пэўнай ступені аператыўная, бо калі б я яе пісаў больш па часе, можа быць, яна б страціла значную долю актуальнасці. Гэта рэакцыя на бягучы момант, надзённае.

І важна сказаць, што гэта кніга не толькі для беларусаў. Калі пісаў, то стасаваўся і з украінцамі, і расіянамі, і ўзбекамі, і многімі іншымі. Напрыклад, шмат размаўляў з цырульнікам у Вільні, маладым хлопцам з Узбекістана, пра нашыя мігранцкія справы. Як фізічна дойдзе да мяне кніга, то падару яму экзэмпляр», — сказаў аўтар у інтэв’ю.

У планах, акрамя беларускай, перакласці кнігу і на эстонскую мову. Эстонія — першая краіна мігранцкага жыцця Андрэя Эзерына, дасюль ён мае шчыльныя стасункі з беларускай дыяспарай у Эстоніі.

Андрэй Эзерын займаецца даследаваннем мігрантаў у межах розных праектаў. Гэта таксама дапамагло з кнігай, бо было шмат інтэрв’ю з самымі рознымі людзьмі, рознага узросту, статусу, якія расказвалі пра свой досвед.

«Магу сказаць, што гэтую міграцыйную тэму глабальна чакае вялікі працяг. Сёння мы з вамі бачым толькі пачатак. Усё гэта будзе развівацца, будуць і іншыя выклікі, на якія давядзецца шукаць адказы», — падсумоўвае аўтар «Гена мігранта».

Набыць кнігу Андрэя Эзерына «Ген мігранта. Пачатак» можна па спасылцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!