«Аўраграмы», Сталін і «махровы антысемітызм»: мінчук падзяліўся ўражаннямі ад кніжнага кірмашу

XXXlll Мінская міжнародная кніжная выстава, якая адкрылася на гэтым тыдні, пакідае ў наведвальнікаў гнятлівае ўражанне. Адзін з жыхароў сталіцы, які завітаў на мерапрыемства пасля трохгадовага перапынку, назваў пабачанае «папросту змарнаваным часам». Мы сабралі асноўныя тэзісы яго водгуку, якія паказваюць сапраўднае аблічча «галоўнай кніжнай падзеі года».

Ідэалагічны вінегрэт і «цемрашальства»

Паводле слоў відавочцы, выстава сустракае наведвальнікаў «даволі сумным відовішчам». Асноўны асартымент — гэта дзіцячая літаратура, «амаль выключна рускамоўная», і «аднаразовы рамфант» (рамантычнае фэнтэзі — Reform.news). Але галоўны акцэнт зроблены на іншым:

«Найбольш — рознага кшталту расійскай і беларускай прапаганды… Вельмі шмат Сталіна, праваслаўя (каталіцтва альбо добра схавалі, а можа зусім адсутнічае)».

Акрамя кніг, на выставе пануюць эзатэрыка і дзіўныя паслугі:

«Процьма эзатэрыкі і наогул цемрашальства — можна проста на выставе зрабіць сабе „аўраграму“». Усё гэта адбываецца пад лозунгамі «традыцыйных каштоўнасцяў», якія прасоўваюцца паўсюль, на той выпадак, калі нехта пераблытаў, што мелася на ўвазе пад „годам жанчыны“».

«Ё іслам, пры тым на адным са стэндаў аб’яднаны з праваслаўем», — дадае мінчук.

Ад Махмуда Дарвіша да «махровага антысемітызму»

Геапалітычныя прыярытэты арганізатараў даволі своеасаблівыя. На выставе прысутнічае палестынскі стэнд, дзе ў арыгінале можна знайсці нават творы знакамітага паэта Махмуда Дарвіша, аднак ізраільскага стэнда няма зусім. Затое на паліцах знайшлося месца для вельмі спрэчных выданняў:

«Антысеміцкая літаратура ў наяўнасці, і я не пра крытыку Ізраіля, а той самы махровы антысемітызм ад ідэолагаў Халакоста з пагромамі ды іх спадкаемцаў».

Культурная апрапрыяцыя: Біруля як «рускі мастак»

Яшчэ адным сімвалам культурнай экспансіі стаў прэзентаваны на выставе праект выдавецтва «Русскій Міръ».

«Даведаўся, што ў выдавецтве „Русскій Міръ“ летась выйшла салідная кніга-альбом, прысвечаная рускаму мастаку Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю», — заўважае наведвальнік.

Нагадаем, што сёлета ў Мінскай кніжнай выставе таксама бярэ ўдзел вядомае расійскае выдавецтва «Чорная сотня». У Беларусь чарнасоценцы прывезлі літаратуру, якая ўсхваляе расійскую агрэсію супраць Украіны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!