Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства ўстанавіла ў Гомелі помнік Мікалаю Румянцаву
Reform.news · 25 ноября 2026, 23:35
https://reform.news/rasijskae-vaenna-gistarychnae-tavarystva-stanavila-gomeli-pomnik-mikalaju-rumjancavu/25 лістапада ў Гомелі на тэрыторыі каля Кафедральнага Петрапаўлаўскага сабора адбылася цырымонія адкрыцця помніка Мікалаю Румянцаву.
Гэты дзеяч Расійскай імперыі валодаў Гомелем з 1796 года і быў пахаваны ў саборы ў студзені 1826 года. Яго магіла была разрабавана з прыходам бальшавікоў і не захавалася. Помнік устаноўлены да двухсотгоддзя з дня пахавання.
Аднак насамрэч на лістапад у Гомелі была заяўлена ўстаноўка зусім іншага манумента: расійскаму дзеячу Івану Паскевічу, які валодаў гомельскім палацам пасля Румянцавых. У 2025 годзе ў гомельскім парку правялі цырымонію закладкі каменя на месцы будучага помніка. А ў жніўні 2026 года Гомельскі палацава-паркавы ансамбль размяшчаў тэндар па ўстаноўцы помніка Паскевічу. У калькуляцыі быў прапісаны дакладны тэрмін узвядзення манумента: з 1 па 30 лістапада.
Ад ідэі ўсталявання манумента Паскевічу расіяне не адмовіліся – падчас візіту ў Гомель 25 лістапада кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў выказаў пажаданне, каб праект па стварэнні помніка генерал-фельдмаршалу быў рэалізаваны як мага хутчэй.
Помнік Мікалаю Румянцаву ўсталяваны расійскім ваенна-гістарычным таварыствам «у рамках праграмы па ўвекавечанні памяці кіраўнікоў айчыннага знешнепалітычнага ведамства. Ініцыятыва атрымала адабрэнне прэзідэнтаў Расеі і Беларусі», – напісана на сайце арганізацыі.
Згаданае знешнепалітычнае ведамства – гэта расійскае Міністэрства замежных спраў. У 1808–1814 гадах Румянцаў займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі.
Помнік адкрылі ў рамках супольнага паседжання калегіяў міністэрстваў замежных справаў Беларусі і Расіі. Міністры замежных спраў Максім Рыжанкоў і Сяргей Лаўроў правялі ў Гомелі штогадовае пасяджэнне, дзе падвялі вынікі працы за 2024–2026 гады і зацвердзілі план узгодненых дзеянняў на наступныя два гады.
Цырымонія на тэрыторыі Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора стала цэнтральнай мемарыяльнай падзеяй дня. У ёй асабіста ўдзельнічалі кіраўнікі МЗС абедзвюх краін, прадстаўнікі Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства, улады горада, а таксама навукоўцы – удзельнікі другога расійска-беларускага форуму гісторыкаў, які праходзіць пад назвай «Гістарычная навука і гістарычная адукацыя: сацыягуманітарнае ўзаемадзеянне ў Саюзнай дзяржаве» пры ўдзеле Інстытута гісторыі НАН Беларусі, гістфака МДУ і прадстаўнікоў МЗС абодвух бакоў.

Сяргей Лаўроў выступіў на форуме з прывітальным словам: «Гомель непарыўна звязаны з нашай агульнай гісторыяй, у прыватнасці, з лёсамі двух міністраў замежных спраў: Расійскай імперыі Румянцава, пахаванага 200 гадоў таму ў Петрапаўлаўскім саборы горада, і Грамыкі, які нарадзіўся 117 гадоў таму ў Гомельскім павеце.
Як казаў вялікі рускі гісторык Ключэўскі, «народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні». У гэтым плане зберажэнне сумеснай расійска-беларускай гістарычнай спадчыны ў поўнай меры захоўвае сваю актуальнасць. А яго далейшае ўсебаковае асэнсаванне асабліва важна сёння, калі ў шэрагу краін Захаду нарошчваюцца намаганні па фальсіфікацыі гісторыі, у тым ліку нашых краін».
«Асноўная задача форуму – выхаваць нашу моладзь так, каб яна ніколі надалей не ўспрымала суседа як ворага. Мы павінны быць сябрамі і любіць нашу агульную гісторыю, – сказаў падчас форума намеснік начальніка ўпраўлення Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па дзяржаўнай палітыцы ў гуманітарнай сферы, намеснік старшыні Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Мікалай Аўсіенка. – Я перакананы: ніякія сумесныя экспертныя камісіі не мелі б перспектыўнай працы, калі б не былі заснаваны па прамым даручэнні прэзідэнтаў дзвюх нашых краін. Яны разумеюць важнасць агульнага гістарычнага мінулага і сучаснасці».
Заўтра ў Гомелі пройдзе VI пасяджэнне экспертна-кансультатыўнай расійска-беларускай рады па гісторыі.
Нагадаем, што гэта не першы помнік, які Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, што займаецца прасоўваннем «рускага свету», устанавіла ў Гомелі. У лістападзе 2025 года яно прывезла ў Гомелі шасціметровы помнік маршалу Савецкага Саюза Канстанціну Ракасоўскаму. У Мінску тое ж ведамства раней адкрыла помнік Аляксандру Неўскаму каля амбасады Расіі. У іх планах — яшчэ каля дзясятка помнікаў гістарычным дзеячам на тэрыторыі Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
