Вольныя Купалаўцы, Свабодны тэатр, Ільінчык і BY TEATR: у снежні ў Любліне пройдзе тэатральны фестываль «Блізкі Усход»
Reform.news · 25 ноября 2026, 17:59
https://reform.news/volnyja-kupala-cy-svabodny-tjeatr-ilinchyk-i-by-teatr-u-snezhni-ljubline-projdze-tjeatralny-festyval-blizki-ushod/З 7 па 13 снежня Люблін ператворыцца ў галоўную тэатральную сталіцу беларускага, украінскага і польскага замежжа. На V Міжнародным фестывалі «Блізкі Усход» збяруцца Вольныя Купалаўцы, Беларускі Свабодны тэатр, рэжысёры Валянціна Мароз, Андрэй Новік, Юлія Шаўчук, Раман Шыцько, Войцех Урбаньскі, Павэл Пасіні, Максім Шышко ды іншыя творцы.
Сем дзён будуць насычаныя гучнымі прэм’ерамі, рэдкім паказамі, якія немагчыма злавіць на іншых сцэнах, роздумамі пра смех перад абліччам ціску, сведчаннямі былых палітвязняў, а таксама стэндапам і кніжным кірмашом. На «Блізкі Усход» адмысловую праграму падрыхтаваў і фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova.
«„Блізкі Усход“ — гэта сустрэча беларускіх, украінскіх і польскіх тэатральных супольнасцяў, прастора мастацкага дыялогу, салідарнасці і творчай супрацы, — адзначае прадстаўніца арганізацыйнай каманды фестывалю Наталля Русецкая. — Мы ствараем фестываль як месца, дзе можна гаварыць пра чалавека і час, пра памяць і ідэнтычнасць, пра досвед, які нас падзяляе і адначасова збліжае».
Мы падрыхтавалі першы «драфт» гіда, куды можна трапіць цалкам сямі насычаных тэатральных дзён.
Эксклюзіў, які больш нідзе не ўбачыш
Галоўны рарытэт фестывалю — спектакль рэжысёркі Валянціны Мароз паводле адзначанай прэстыжнымі польскімі прэміямі п’есы Мікіты Ільінчыка «Say Hi to Abdo». Пасля пазнаньскай прэм’еры 2025 года пастаноўка знікла з рэгулярнага рэпертуару, і ўбачыць яе сёння можна будзе выключна на «Блізкім Усходзе».

Вяртанне Свабоднага тэатра і Вольныя Купалаўцы
У Любліне сустрэнуцца адразу два флагманы беларускай незалежнай сцэны. Вольныя Купалаўцы прывязуць свой спектакль «Мінскае мора», створаны паводле п’есы Івана Прудніка, а Беларускі Свабодны тэатр вернецца ў горад пасля доўгага перапынку з пастаноўкай «Дэпартамент прыемнасцяў» ў пастаноўцы Юліі Шаўчук і Рамана Шыцько.

Прэм’еры ў «двайнiку» Купалаўскага і п’еса люблінскага беларуса
На сцэне люблінскага Тэатра імя Юліюша Астэрвы, будынак якога архітэктурна нагадвае Купалаўскі тэатр у Мінску, адбудзецца прэм’ера Андрэя Новіка «Мёртвы пункт» паводле п’есы «Лімб» Рэнаты Талан.
А маладыя творцы з Літвы (рэжысёр Аляксандр Марчанка) пакажуць спектакль «Вяртанне Галадамора» паводле п’есы беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, які ўжо шмат гадоў жыве і працуе ў Любліне. Гэта пастаноўка новага Theatre 21 з Вільні.
Убачым на сцэне і спектакль «Маскі праўды» ў рэжысуры Максіма Шыцько, і яшчэ адзін праект у пастаноўцы Андрэя Новіка — «Галасы Адысеі» ад BY THEATR.

Акрамя спектакляў, у праграме заяўлены і стэндапы, і гэта таксама стане адметнасцю пятай эдыцыі фэсту.
Смех перад абліччам уціску і галасы з-за кратаў
Адкрыецца форум 7 снежня ва Універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры навуковай канферэнцыяй «Смех перад абліччам уціску: драматургія і тэатр выжывання». Тэатразнаўцы з Беларусі, Польшчы і Германіі абмяркуюць, як гумар дапамагае пражываць вайну, зняволенне і эміграцыю, а драматургі правядуць майстар-класы па напісанні п’ес. Асобнай падзеяй стане тэатральная лабараторыя: былыя палітвязні выступяць з лекцыямі, а рэжысёры і акторы пакажуць тэатральныя эскізы, створаныя паводле іх асабістых сведчанняў.
Перфарматыўныя чытанні і кніжны кірмаш «Прадмовы»
У фінальныя выхадныя, 12–13 снежня, да фестывалю далучацца партнёры — пазнаньская Druga Próba і фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. У праграме — перфарматыўныя чытанні беларускіх і ўкраінскіх актораў, сустрэчы з пісьменнікамі, выставы і кніжны кірмаш, дзе можна будзе набыць беларускія навінкі, польскія пераклады беларускіх аўтараў і сусветную класіку па-беларуску.
Цалкам праграма фестываля і квіткі тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
