«Пагроза перапісвання Канстытуцыі адгукаецца жыхарам Бразіліі»: Вольга Ермалаева-Франко пра кнігі і пераклады
Reform.news · 19 ноября 2026, 12:34
https://reform.news/pagroza-perapisvannja-kanstytucyi-adgukaecca-zhyharam-brazilii-volga-ermalaeva-franko-pra-knigi-i-peraklady/У Бразіліі выйдзе канцэптуальны паэтычны зборнік «Канстытуцыя» Ганны Янкуты на партугальскай мове. Кніга ўяўляе сабой паэтычныя развагі на палях асноўнага закона Рэспублікі Беларусь і спалучае юрыдычныя фармулёўкі з метафарычнымі вершамі. Пераклала «Канстытуцыю» Вольга Ермалаева-Франко.
«Галоўная заслуга ў падрыхтоўцы гэтай кнігі і ў тым, што ў Бразіліі ўвогуле ведаюць нешта пра Беларусь, належыць Волі Франко, якая актыўна працуе на стыку трох культураў – беларускай, бразільскай і ўкраінскай», – напісала Ганна Янкута ў сацсетках.
З нагоды выхаду «Канстытуцыі» на партугальскай паразмаўлялі з перакладчыцай Вольгай Ермалаевай-Франко пра мовы, краіны і дыктатуры.
Вольга Ермалаева-Франко – перакладчыца, выкладчыца беларускай, партугальскай, украінскай, англійскай і расійскай моваў, актывістка беларускай дыяспары і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі. Скончыла ЕГУ, Школу маладога пісьменніка (2023-2024) і Перакладчыцкую майстэрню (2024). Сябра беларускага ПЭНа.

Беларуская, партугальская, украінская…
— Нагода для нашай размовы – пераклад «Канстытуцыі» Ганны Янкуты на бразільскую партугальскую. Вы ў гэтай краіне жывяце ўжо шмат гадоў і гэта не першы ваш пераклад з партугальскай ці на партугальскую. Вы таксама пачалі пісаць, ваш тэкст з’явіўся ў зборніку пра Чарнобыль. Які ваш шлях да літаратуры і перакладаў? Ну і да Бразіліі?..
— У Бразіліі я жыву ўжо пятнаццаць гадоў – з 2011-га. Прычына пераезду звязаная з літаратурай. Я вучыла партугальскую мову, бо хацелася мне нечага нетрывіяльнага. Наконт Бразіліі планаў не было ніякіх. Але тады я пачала чытаць Жоржы Амаду з мэтай практыкаваць мову. Гэты пісьменнік якраз жыў і пісаў у цудоўным горадзе Саўвадоры, куды я вырашыла паехаць і паглядзець, ці так тут усё насамрэч адбываецца, як у яго кнігах. І аказалася, што так яно і ёсць. Ён зрабіў вельмі добры маркетынг для Саўвадора і для ўсёй краіны. Апісвае ён таксама традыцыйныя бразільскія вераванні, боствы і ў прыватнасці багіню мора, якую зваць Іеманжа. Я ў яе папрасіла пазнаёміцца з будучым мужым цягам трох дзён. Яна мне яго і выдала вельмі аператыўна. І вось – з таго часу я тут жыву.
— Вы закончылі журфак у Мінску?
— Я не закончыла журфак, мяне выгналі пасля другога курса за тое, што я супрацоўнічала з незалежнымі медыя. Мне сказалі, што калі ты вучышся ў дзяржаўным універсітэце, то трэба разумець, што працаваць трэба ў медыя дзяржаўных. Я сказала, што такой логікі не разумею, і мне проста не далі здаць іспыты.
Я атрымала адукацыю ў ЕГУ па спецыяльнасці «культурная спадчына і турызм», у Бразіліі скончыла магістратуру па архітэктуры і ўрбаністыцы. Але цяпер больш займаюся мовамі – выкладаннем і перакладамі.
І гэта, напэўна, мой спосаб зразумець, у якой рэальнасці я знаходжуся і як існаваць у беларускай інфармацыйнай прасторы, бо адрэзаць яе ад сябе няма ні жадання, ні магчымасці. Нікуды не падзенеш сваю ідэнтычнасць. А жыву я ў Бразіліі. І каб гэта ўсё ў сабе прымірыць, я ўвесь час перакладаю. Гэта і пра мовы, і пра розныя рэальнасці, ментальнасці і спосабы жыцця.
— Якія ўжо выйшлі вашы пераклады і на якія мовы?
— Я перакладаю з партугальскай на беларускую. Напрыклад, у 2024 годзе ў выдавецтве Słowianka выйшла дзіцячая кніжка «Жыў-быў тыран» Аны Марыі Машаду. Казка, напісаная пра бразільскую дыктатуру задоўга да таго, як Лукашэнка даведаўся, кім ён стане, калі яшчэ падрасце.

Перакладаю з украінскай на беларускую. Пакуль выйшла кніга ўкраінскага аўтара і ваяра Максыма «Далі» Крыўцова «Крык на тэрыконе». З украінскай на партугальскую мы перакладаем разам з маім мужам Патэрсанам Франко, прафесарам Федэральнага ўніверсітэта Баіі, у якім ён выкладае ангельскую мову. Ён паліглот, валодае шэрагам іншых моваў. Дома размаўляем па-беларуску. Разам пераклалі тры кнігі: Максыма Крыўцова «Вірші з бійниці», Артура Дроня «Хэмінгуэй нічога не ведае», яна нядаўна выйшла і па беларуску. І «Погляд Медузи» Любкі Дэрэша.

— Ваш муж бразілец і ведае беларускую і ўкраінскую мовы?
— Так, магістарскую і доктарскую працы ён абараняў па тэме перакладаў з беларускай і іншых моў на партугальскую ў фільме «Жыве Беларусь!». Ён там кантэкстуалізуе і палітычную сітуацыю, і пытанне суіснавання розных моў у Беларусі, кожная з якіх мае сваю функцыю. Ён даследаваў, у якім становішчы яны знаходзяцца і як гэта ўсё адлюстроўваецца ў фільме. Ён моцна пагружаны ў беларускую тэму.
— Гэта было да знаёмства з вамі ці пасля?
— Пасля.
— То-бок гэта вы яго натхнілі?
— Так, са мной ён навучыўся размаўляць па-беларуску. А гэта ж зацягвае.
— І стаў даследчыкам беларускай мовы?
— Так – мовы і культуры. У нас ёсць шэраг публікацый на беларускую тэму – і паасобных, і сумесных. У перакладзе на партугальскую мову «Канстытуцыі» Ганны Янкуты ён удзельнічае як рэдактар.
Мы спадзяемся працягваць гэтую гісторыю. З украінскай літаратурай лягчэй, пра яе цяпер, праўда з сумнай нагоды, у свеце ўсе гавораць, у тым ліку аж у Бразіліі. Ва Украіне ёсць дзяржаўная падтрымка літаратуры, даюцца гранты на пераклады, у Бразіліі актыўная ўкраінская амбасада, якая моцна падтрымлівае культурніцкія ініцыятывы. І дзякуючы гэтаму ёсць бразільскія выдавецтвы, якія цікавяцца ўкраінскай літаратурай. І мы таксама ўдзельнічаем у такіх праектах.
З беларускай на партугальскую я даўно штосьці спрабую перакладаць – на нейкіх сайтах ці ў сацсетках публікую тое, што мяне чапляе. Але не кнігі.
Дарэчы, у Бразіліі ёсць пераклады беларускай літаратуры на партугальскую мову.
Уявіце сабе, у 1937 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра выйшаў пераклад Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ». Калі ў Беларусі былі пачыналіся расстрэлы, у Бразіліі пра гэта ведалі, дзякуючы перакладчыцы Эве Вэдбер, якая была полькай, прынамсі, яна сябе ідэнтыфікавала як польку. І пераклала гэтую кнігу з польскай мовы, бо «У капцюрох ГПУ» выйшла спачатку па-польску ў 1935-м, а ў 1937-м выйшла адначасова па-беларуску і па-партугальску.
З расійскай мовы перакладзены ўвесь цыкл «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч. Перакладалі і кнігу Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых» з англійскай мовы на партугальскую. Усё гэта беларуская літаратура, але гэтыя пераклады былі зробленыя не з беларускай мовы. Ніводны з гэтых твораў.
Таму, наколькі я змагла даведацца, «Канстытуцыя» будзе першым перакладам з беларускай на партугальскую. Калі не, буду рада памыляцца.

— Як складалася ваша супраца з аўтаркай «Канстытуцыі»?
— Насамрэч я пачала перакладаць і марыць пра выданне гэтай кнігі яшчэ калі Ганна посціла ў фэйсбуку першыя вершы. Я сабе ціхенька сцягвала і перакладала іх. Потым яна перапісала цалкам гэтую кніжку, таму давялося перакладаць нанова. Мяне ад пачатку вельмі прываблівала ідэя перапісаць Канстытуцыю нармальнай чалавечай мовай – мовай вершаў, мовай паэзіі, то-бок людскай мовай, а не бюракратычным канцылярызмам. Ці, як пісала Ганна ў сваёй «Канстытуцыі», насталі часы, «калі чытаць законы ўжо запозна, і тады даводзіцца чытаць вершы».
Потым мы з Ганнай сустрэліся, яна мне прывезла сваю «Канстытуцыю» і падпісала: «І калі табе патрэбныя правы на пераклад, яны твае».
Пасля гэтага я спрабавала падаваць гэты праект у розныя выдавецтвы. Спачатку нічога не атрымлівалася, але ў нейкі момант я знайшла выдавецтва, якое зацікавілася ідэяй, але з умовай, што мы зробім перадзамову, то-бок будзем мець нейкія пачатковыя грошы на яе выданне.
Мы запусцілі гэту кампанію і за паўтара дні сабралі 59 адсоткаў ад мінімальнай сумы. Праз чатыры дні — 89 адсоткаў.
То-бок кніга будзе.

«Усе дыктатуры вельмі падобныя»
— Як рэкламуецца гэты збор, як апісваецца «Канстытуцыя» для бразільцаў?
— Мы тлумачылі неабходнасць гэтай кнігі праз сувязь з актуальнай сітуацыяй у Бразіліі, у якой сёння вельмі моцная палярызацыя грамадства, бо людзі актыўна дыскутуюць пра крохкасць дэмакратыі, пра магчымасць дзяржаўных пераваротаў, пра веру ці няверу ў выбары. Толькі што прайшлі выбары, на якіх улада не змянілася. Было шмат абмеркаванняў пра тое, хто з кандыдатаў хоча перапісаць Канстытуцыю пад сябе. І чым гэта можа пагражаць. І гэтая пагроза перапісвання Канстытуцыі, мне здаецца, і адгукаецца жыхарам Бразіліі.
Мы з Ганнай напісалі прадмову, у якой у форме дыялогу расказваем пра кантэкст зʼяўлення «Канстытуцыі», пра тое, хто мы такія, адкуль узяліся і што ў той Беларусі адбываецца. І пра тое, як аўтарцы прыйшла ў галаву гэтая ідэя. І пра тое, чаму яна цяпер не жыве ў Беларусі. Ганна піша, што ўсё яе свядомае жыццё прайшло пры дыктатуры, але яна ніколі не хацела зʼязджаць са сваёй краіны.
А я пішу пра тое, што зрабіўшыся бразільскай грамадзянкай, беларускай я быць не перастала: «Мне па-ранейшаму баляць рэпрэсіі на радзіме, якія з таго часу моцна ўзмацніліся. Праз тое, што я пра гэта не маўчу, у Беларусь я не магу вярнуцца, бо там мяне чакаюць арышт і катаванні».
Там напісана пра тое, што нашы краіны раздзяляе больш за дзесяць тысяч кіламетраў, паміж нашымі кантынентамі ляжыць Атлантычны акіян. Калі ў Беларусі зіма, у Бразіліі – лета, ды і зіма з летам у нас зусім не падобныя. Але ці значыць гэта, што нам цяжка зразумець адно аднаго? І мы тлумачым, што мы добра ведаем што азначае хісткасць дэмакратыі, пагроза перавароту і перапісванне канстытуцыі: «Многія бразільцы прызабылі ўжо, што такое дыктатура, а ў Беларусі яна доўжыцца ўжо больш за трыццаць гадоў, і ўвесь гэты час у ёй нязменна тыраніць адзін і той жа чалавек, які дужа любіць змяняць канстытуцыю пад сябе».
Вось як мы тлумачым неабходнасць гэтай кнігі.

— Цікава, што ў Бразіліі таксама не ўсё так проста з гісторыяй, краіна мае даволі працяглы досвед дыктатуры. Падобная да нашай дыктатура тут была? Ці ўсе дыктатуры падобныя адна да адной?
— Я лічу, што ўсе дыктатуры вельмі падобныя, гэта найперш кантроль і парушэнне правоў чалавека. Але тут была дыктатура «правых», а не «левых», яна пераследавала людзей, якіх абвяшчалі камуністамі. А як можна здагадацца па нашым досведзе, не заўсёды тыя, каго абвяшчаюць камуністамі (або польскімі шпіёнамі ці контррэвалюцыянерамі), такімі насамрэч зʼяўляюцца.
Таму тут таксама ўсякае бывала. Бразілія вельмі складана пераасэнсоўвае гэты досвед, бо ёсць людзі, якія кажуць, што правільна разграмілі камуністаў, бо калі б яны прыйшлі да ўлады, то рабілі б тое самае, толькі з «правымі».
Дарэчы, пераклады лістоў палітзняволеных беларускіх жанчын і вершаў з-за кратаў на партугальскую мову мы публікавалі сумесна з Мемарыялам супраціву ў Сан-Паўлу, прысвечанаму супраціву дыктатуры. Гэта вельмі моцнае месца, якое можна параўнаць, напэўна, з Музеем КДБ у Вільні.
Дзіцячая кніжка «Жыў-быў тыран» была напісаная ў 1982 годзе, пад самы канец дыктатуры. Яна паказвае, адкуль бяруцца тыраны і што з імі рабіць. І чаму нельга ніколі расслабляцца, бо яны заўсёды шукаюць, дзе б ім «патыраніць».

— Дарэчы, якім чынам скончылася дыктатура ў Бразіліі?
— Тутэйшую дыктатуру фінансавалі з ЗША і цалкам яе кантралявалі. Тут пераследавалі ўсе левыя ідэі пра сацыяльную роўнасць, свабоду веравызнання, акадэмічныя свабоды і гэтак далей. Пераследавалі не толькі палітыкаў, але і навукоўцаў, студэнтаў, мастакоў, музыкаў і пісьменнікаў. Той жа Жоржы Амаду двойчы быў у выгнанні. І калі вось гэтая халодная вайна трошачкі прыпынілася, то-бок ЗША перастала ўсё трымаць у абцугах, а людзі працягвалі свой супраціў, то ў 1985 годзе ўсё і скончылася.
Зрабіць перадзамову на пераклад «Канстытуцыі» Ганны Янкуты на партугальскую мову можна тут.
Дастаўка папяровай кнігі магчымая толькі па Бразіліі, але можна замовіць электронную версію ў PDF.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
