Падляшскі дуэт Sw@da x Niczos выпусціў новы альбом «RYT-M» — у яго стварэнні ўдзельнічалі беларускія творцы
Reform.news · 16 ноября 2026, 14:10
https://reform.news/swda-x-niczos-vypusczili-drugi-po-d1-9enafarmatny-albom/Папулярны падляшскі дуэт Sw@da x Niczos прадставіў новы студыйны альбом «RYT-M». Плыта спалучае традыцыйныя спевы на падляшскай гаворцы з сучаснай клубнай электронікай, а яе канцэртная прэзентацыя пройдзе 19 лістапада ў Беластоку.
Назва «RYT-M» адсылае адначасова да рытуалу і да танца. Паводле задумы музыкаў, альбом гаворыць пра каханне, смерць, складаныя эмоцыі і ачышчэнне, але робіць гэта праз энергію супольнага танца і іранічны флірт з інтэрнэт-трэндамі.
«Мы цешымся, калі на нашых канцэртах людзі розных нацыянальнасцяў адрываюцца разам. Гэта сіла, якая павінна аб’ядноўваць», — кажуць артысты.
У музычным плане рэліз не трымаецца аднаго жанру: вакол клубнай электронікі Sw@da x Niczos змяшалі амапіяна, фонк, бразільскі фанк, эксперыменты з басамі і дабстэп. Тэксты песень напісаныя на падляшскай гаворцы — шмат у чым праз гэта дуэт стаў вельмі блізкім і папулярным сярод беларускай публікі.
Запісвалі «RYT-M» у Беластоку і Бельску-Падляшскім, а да працы над рэлізам далучылася шмат беларускіх творцаў. Невыпадкова тур у падтрымку альбома стартуе ўжо ў гэты чацвер, 19 лістапада, у Беластоку — сталіцы Падляшша, дзе гістарычна жыве шмат беларусаў і сфармавалася адна з найбуйнейшых беларускіх дыяспар.
Слухаць «RYT-M» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
