Аляксандр Фядута пра прэм’еру «Філаматаў»: «Гэта вельмі сімвалічны праект, бо мы ўсе знаходзімся ў выгнанні»
Reform.news · 13 ноября 2026, 15:32
https://reform.news/alyaksandr-fyaduta-pra-premeru-filamata/Літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, былы палітвязень і знаўца гісторыі Таварыства філаматаў Аляксандр Фядута падзяліўся ўражаннямі ад музычна-тэатралізаванай прэм’еры праекта Filamaty, якой 12 лістапада ў Варшаве адкрыўся фестываль «Прадмова».
У каментары для Reform.news пасля выступу музыкаў у Цэнтры культуры «Alternatywy» даследчык згадаў вядомую польскую кніжку «Філаматы супраць рэпераў».
— Не памятаю, колькі год таму ў Варшаве выйшла кніжка вядомага сацыёлага польскага, якая называлася «Філаматы супраць рэпераў», — заўважыў творца. — І насамрэч гэта была кніжка пра тое, што ў сённяшнія часы філаматы былі б больш рэперамі, таму што гэта моладзевая не субкультура, а культура. І трэба ўспрымаць гэту моладзевую культуру заўжды так, як яны сябе ўспрымаюць, таму што гэта будучыня.
— Калісьці старэйшае пакаленне не ўспрымала першыя кнігі Адама Міцкевіча. Я думаю, што і маё пакаленне цяжка ўспрымае рок, — дадаў філолаг. — Але я вельмі рады, што гэтая музыка адрозніваецца ад маёй музыкі: калі б свет стаяў на адным месцы, не было б нічога. А так свет рухаецца наперад. І мне было вельмі прыемна, што ў гэтым руханні наперад моладзь узяла з сабой у падарожжа філаматаў. Тыя радкі Уладзя Лянкевіча, якія я чуў праз музыку, — гэта сапраўды трошкі гісторыя філаматаў, таму што згадвалася усё, пачынаючы ад іх вучобы і сканчваючы ссылкай, засланнем, як кажуць нашы браты-палякі.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Фядута звярнуў на перформанс актораў-купалаўцаў, якія падчас канцэрта разыгрывалі розныя сцэнкі-сюжэты, і, у прыватнасці, у адной з іх узводзілі на сцэне сцяну з кардонных каробак.
— Звычайна ў такіх каробках альбо кнігі перавозяць, альбо рэчы, з’язджаючы са сваёй хаты. І тое, што гэта рабілі выдатныя акторы, такія як Алег Гарбуз і Міхась Зуй, гэта было вельмі і вельмі сімвалічна. Таму што мы ўсе ў выгнанні, усе. Кожны з нас гэтыя каробкі збіраў. Ну, апроч тых, каго выкінулі, як мяне, нават без дакументаў.
Галоўным эмацыйным вобразам вечара для літаратуразнаўцы стаў фінал выступу, калі на сцэну выйшаў дзіцячы хор «Мара» Беларускай школы мастацтваў імя Міколы Равенскага.
— Калі заспяваў дзіцячы хор, я зразумеў, што самыя маладыя на сцэне насамрэч не музыкі, а вось дзеці, якія апынуліся па-за межамі Радзімы, як некалі вучні Міцкевіча, сасланыя ў Арэнбург. І вось гэтая моладзь вырастае ў сапраўдных філаматаў. І я спадзяюся, што ў іх будзе будучыня, і яны будуць будаваць з тых каробок не мур, а падмурак будучай Беларусі.
Нагадаем, што ўчора ў зале SZEKSPIR у Варшаве прайшла музычна-тэатральнай прэзентацыя праекта «Філаматы», натхнёнага гісторыяй віленскага таварыства маладых патрыётаў і паэтаў XIX стагоддзя. Як гэта было, чытайце ў нашым фотарэпартажы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
