Кнігацыд, бібліяцыд або лібрыцыд. Як гэта адбываецца ва Украіне? А ў Беларусі?
Reform.news · 5 ноября 2026, 16:24
https://reform.news/yak-adbyvaeczcza-libryczyd-va-ukraine-a-belarusi/Знішчэнне кніг у медыя і навуковым дыскурсе часта называюць кнігацыдам, бібліяцыдам або лібрыцыдам. Апошні тэрмін у 2003 годзе вылучыла амерыканская даследчыца Рэбека Кнут, вывучаючы знішчэнне кніг таталітарнымі рэжымамі ў XX стагоддзі. Даследчыца вызначае лібрыцыд як сістэмнае і санкцыянаванае дзяржавай знішчэнне кніг і бібліятэк з мэтай сцірання культурнай памяці і ідэнтычнасці пэўнай групы людзей.
Кнут прапануе пяць крытэрыяў лібрыцыду. Украінскае выданне Suspilne culture знайшло ўсе пяць рысаў лібрыцыду, які здзяйсняе Расія ва Украіне з 2014 года. Для Беларусі некаторыя крытэрыі таксама падышлі.
Паводле дадзеных украінскага ўрада, па стане на канец жніўня Расія знішчыла каля траціны кніг, выдадзеных ва Украіне за год. Ад кніжных складоў і лагістычных цэнтраў, друкарняў і паліграфічных комплексаў да кніжных кірмашоў: РФ сістэматычна паралізуе кожны з этапаў трапляння кнігі да чытачоў, – піша Suspilne culture.
Калі знішчэнне кніг становіцца лібрыцыдам?
Даследчыца Рэбека Кнут прапануе пяць крытэрыяў лібрыцыду:
- Санкцыянаванне дзяржавай або рэжымам
Знішчэнне літаратуры ініцыюе ўлада, ваеннае камандаванне, акупацыйная адміністрацыя. Выключыць або ліквідаваць літаратуру загадваюць арміі, спецслужбам, адукацыйным і цэнзурным органам. Таксама ўлады фармуюць чорныя спісы, то-бок пералік забароненых аўтараў і кніг, якія падлягаюць татальнай канфіскацыі.
Яшчэ з 2014 года расіяне замянялі змесціва бібліятэк на акупаваных тэрыторыях. Нават у Кіеўскай вобласці, дзе акупацыя доўжылася крыху больш за месяц, яны паспелі разбурыць бібліятэкі і спаліць кнігі.
Напрыклад, у сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне выведкі паведамляла, што расейскія падраздзяленні «вайсковай паліцыі» на часова акупаваных тэрыторыях Луганскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей адбіраюць, а далей знішчаюць на месцы або вывозяць гістарычную і мастацкую літаратуру, а таксама выданні пра гісторыю вызваленчых рухаў.
- Агрэсіўная таталітарная або імперская ідэалогія
Ідэалогію РФ часта апісваюць як «рашызм». Менавіта такі тэрмін у 2023 прызнала Вярхоўная Рада Украіны.
У медыя расійскую ідэалогію часта пазначаюць як «русский мир», гэтае паняцце ў шырокае ўжыванне ўвёў рускі філосаф Георгій Шчадравіцкі, а яго сын, паліттэхнолаг і філосаф Пётр, дафармуляваў ідэю. Яшчэ ў 2000 годзе ён пісаў, што «русский мир» – гэта мноства супольнасцяў, якія думаюць і гавораць па-руску. Прасцей кажучы, супольнасці, якія жывуць на тэрыторыях, дзе раней была імперыя і дзе жывуць рускамоўныя, Расія цяпер лічыць сваімі.
- Сувязь з генацыдам
Лібрыцыд – прадказальнік або спадарожнік фізічнай і культурнай ізаляцыі мэтавай групы перад асіміляцыяй. Гэта значыць, са знішчэння кніг пачынаецца намер сцірання ўкраінскай ідэнтычнасці: адначасова з гэтым РФ прымусова ўкараняе расійскую школьную праграму, вывозіць украінскіх дзяцей, затрымлівае і забівае носьбітаў украінскай культуры.
Напрыклад, да ідэалагічнага перавыхавання дзяцей у данецкіх школах рыхтуюцца прыцягнуць 3700 педагогаў. На працягу 2026 года атэстацыю павінны прайсці 3500 педагогаў і яшчэ 200 кіраўнікоў і кандыдатаў на кіруючыя пасады на акупаванай Данеччыне. Да гэтага навучальнага года РФ ужо мае ўласны пералік літаратуры, які змяшчае прапагандысцкія кнігі пра вайну супраць Украіны.
- Маштабнасць і сістэмнасць
Знішчэнне кніг не зʼяўляецца лакальным або выпадковым: расійскія ракетныя і дронавыя ўдары па большай частцы наносяцца па найбуйнейшым выдавецтвам, складах і друкарням. Адзін толькі ўдар двух «шахедаў» 1 жніўня па лагістычным цэнтры выдавецкай карпарацыі «Раніца», дзе таксама быў размеркавальны цэнтр сеткі кнігарняў «Кнігалэнд» і захоўвалася прадукцыя многіх выдавецтваў, выклікаў пажар, які доўжыўся тыдзень. Удар знішчыў 85% усіх запасаў выдавецтва. Пры гэтым была страчана частка падручнікаў: большасць паспелі развесці па рэгіянальных складах, але друк 20-25% затрымалі да кастрычніка. На аднаўленне карпарацыі можа сысці каля трох гадоў.
- Калектыўны саўдзел (прыцягненне насельніцтва) – каб падзяліць адказнасць за патэнцыйнае злачынства
Спаленне кніг у Марыупалі, Ваўчанску або Мелітопалі ператвараюцца ў публічныя акцыі, у якія РФ прыцягвае настаўнікаў, моладзевыя арганізацыі, калабарантаў і расійскіх дзеячаў культуры.
Украінскія кнігі могуць проста выкідваць з вокнаў: у лютым 2023 года Марыупальскія гарадскі савет апублікаваў фота кніг, якія вырашылі «утылізаваць» з бібліятэчных фондаў Прыазоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У смеццевых пакетаў была нават класіка, у тым ліку кніга Лесі Украінкі.
Спаленне кніг нагадвае нацысцкі рытуал «ачысткі агнём»: у траўні 1933 году ў больш чым 20 універсітэцкіх гарадах спалілі дзясяткі тысяч кніг. Такія акцыі арганізавалі пранацысцкі настроеныя студэнты ўніверсітэтаў, а не нацысцкі ўрад Германіі, але ў мерапрыемствах прымалі ўдзел і чыноўнікі. Студэнты абвясцілі, што гэта кампанія супраць «смецця і бруду габрэйскага духу загнівання» ў літаратуры.
Расія прадстаўляе знішчэнне ўкраінскіх кніг як «ідэалагічную гігіену» і «неабходную меру бяспекі». Для апраўдання лібрыцыда ёй трэба інфармацыйнае алібі – і яна фармуе яго з дапамогай наратываў, больш ці менш відавочных. Напрыклад, абясцэньвання. Пасля маштабнага ўдару 1 жніўня адзін з рэсурсаў у Telegram з больш чым 52 тысячамі падпісчыкаў напісаў, што ўкраінскія кнігі «аднак ніхто не чытае», і назваў іх «прапагандысцкім хламам».
Ці ёсць у Беларусі лібрыцыд?
З пяці пунктаў акрэслення лібрыцыду большасць можна зафіксаваць у Беларусі.
Пункт першы: знішчэнне літаратуры ініцыюе ўлада, выключыць або ліквідаваць літаратуру загадваюць спецслужбам, адукацыйным і цэнзурным органам.
Беларускія ўлады фармуюць спісы з пералікам забароненых аўтараў і кніг, якія падлягаюць татальнай канфіскацыі. Кнігі прыбіраюць з продажу, закрываюць да іх доступ у бібліятэках, у тым ліку навуковых. Для дзяржаўных і навуковых устаноў распрацоўваюцца спецыяльныя інструкцыі па выяўленні, выключэнні і фізічным знішчэнні (утылізацыі) такой літаратуры. Забароненыя кнігі ў Беларусі закопваюць, перапрацоўваюць або хаваюць у закрытых фондах.
Пункт другі: агрэсіўная таталітарная або імперская ідэалогія. Нядаўна зʼявілася навіна, што Беларускі саюз архітэктараў кліча спецыялістаў і студэнтаў на майстар-клас маскоўскага горадабудаўніка Аляксея Комава, які стаў кансультантам праекта па развіцці гістарычных мястэчак Беларусі. Комаў — ідэолаг імперскай манументальнай прапаганды, ініцыятар «Маякоў Рускага свету» – сеткі манументальных аб’ектаў, стэл і абеліскаў, якія куратары называюць «культурнымі рэтранслятарамі» для візуальнай маркіроўкі захопленых украінскіх тэрыторый. І яшчэ адна зусім свежая навіна: госцем аднаго з нядаўніх стрымаў прапагандыста Азаронка стаў старшыня камісіі парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі Мікалай Бурляеў, які адмовіў беларускаму народу ў праве на існаванне: «Нехта хоча даказаць, што гэта асаблівы народ, што яны іншыя. Не, гэта ўсё святая Русь!».
Пытанне тут у тым, ці гэта беларускі рэжым змагаецца з іншадумствам праз знішчэнне кніг ці ўжо адбываецца рэалізацыя наступнага этапу лібрыцыду – «культурная ізаляцыя мэтавай групы перад акупацыяй».
У спіс «Эстрэмісцкіх матэрыялаў» часта трапляюць кнігі перыяду 1991–2025 гадоў тых аўтараў, якія гавораць пра беларускую мову, памяць, годнасць, палітычную і маральную альтэрнатыву. «Тут імёны, якія фармуюць беларускі наратыў апошніх дзесяцігоддзяў і таму трапляюць пад забарону», – адзначае Беларускі ПЭН.
«Са знішчэння кніг пачынаецца намер сцірання ўкраінскай ідэнтычнасці: адначасова з гэтым РФ прымусова ўкараняе расейскую школьную праграму, вывозіць украінскіх дзяцей, затрымлівае і забівае носьбітаў украінскай культуры», – піша ўкраінскае выданне. У Беларусі затрымліваюць носьбітаў беларускай культуры, прымаюць сумесныя з Расіяй адукацыйныя праграмы, уводзяць квоты для беларускіх студэнтаў у расійскіх універсітэтах. За апошнія гады ўлады ліквідавалі ўсе буйныя незалежныя беларускія выдавецтвы.
Наступная рыса лібрыцыду – маштабнасць і сістэмнасць. Можна заўважыць, што спісы экстрэмісцкай літаратуры абнаўляюцца рэгулярна – і гэта можна сведчыць пра сістэмнасць. Што да маштабнасці, спіс кніг сягае некалькіх сотняў, і гэта, канешне, не можа параўнацца з колькасцю знішчаных украінскіх кніг падчас масіраваных абстрэлаў.
Дакладная лічба кніг у «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» пастаянна павялічваецца, паколькі беларускія суды рэгулярна прымаюць новыя рашэнні, аднак, паводле звестак праваабаронцаў і Беларускага ПЭНа, агульная колькасць цалкам забароненых друкаваных кніг і выданняў у Беларусі складае больш за 390.
Аднак ёсць дадатковы спіс друкаваных выданняў, распаўсюджванне якіх «здольнае прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам». Гэты спіс існуе асобна ад «экстрэмісцкага», і ў ім знаходзіцца 271 кніга (уключаючы папулярную мастацкую літаратуру, раманы і нават дзіцячыя кнігі). Гэтыя кнігі забаронена прадаваць і распаўсюджваць у краіне.
Таксама існуюць пералікі аўтараў і кніг, якія не апублікаваныя афіцыйна, але даводзяцца да ведама бібліятэк і кнігарань праз унутраныя распараджэнні ідэолагаў. Пад такую забарону патрапілі творы больш як 320 аўтараў і аўтарак.
Апошняя рыса лібрыцыду – «калектыўны саўдзел (прыцягненне насельніцтва), каб падзяліць адказнасць за патэнцыйнае злачынства», — здаецца, пакуль у Беларусі не назіраецца. Мы не ведаем, колькі кніг было выратавана бібліятэчнымі энтузіястамі, і да публічных спаленняў кнігаў жыхарамі на плошчах яшчэ не дайшло. І, відавочна, не дойдзе.
Такім чынам, можна адзначыць, што ў Беларусі назіраюцца працэсы, якія можна акрэсліць як мяккі ці гібрыдны лібрыцыд.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
