У Бельгіі адкрылі вялікую рэтраспектыўную выставу Восіпа Цадкіна — мастака Парыжскай школы родам з Віцебска
Reform.news · 3 ноября 2026, 22:09
https://reform.news/u-belgii-adkryli-vjalikuju-rjetraspekty-nuju-vystavu-vosipa-cadkina-mastaka-paryzhskaj-shkoly-rodam-z-vicebska/Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў у Антвэрпэне паказвае творы Восіпа Цадкіна (1888–1967), мастака «Парыжскай школы», родам з Віцебска.
Хоць сусветную вядомасць творца атрымаў у Парыжы, яго першая рэтраспектыўная выстава адбылася ў Бельгіі. І першыя поспехі ён займеў у Антверпене і Бруселі, хоць гэты аспект яго кар’еры доўгі час заставаўся па-за ўвагай. Насамрэч Цадкін удзельнічаў тут у 25 групавых выставах і меў 12 персанальных. Тут быў куплены яго першы значны твор. «Бельгійцы былі маімі першымі прыхільнікамі», – пісаў Цадкін.
Выстава «Восіп Цадкін і Бельгія» акцэнтуе гэтыя сувязі.


Музею належаць дзевяць яго прац, у тым ліку экспрэсіўная карціна «Пакуты Ёва», якую сам Цадкін перадаў у дар гэтай інстытуцыі. Восіп Цадкін быў нястомным і пладавітым мастаком: сёння налічваецца больш за 600 скульптур, больш за 750 гуашавых малюнкаў, а таксама каля 200 літаграфій і афортаў.
На выставе паказваюць шматгранны даробак Цадкіна, а таксама працы яго жонкі Валянціны Пракс, бельгійскіх сучаснікаў і вучняў.

Восіп Цадкін нарадзіўся ў Віцебску ў шатландска-яўрэйскай сямʼі ў 1888 годзе. Першым сваім настаўнікам у мастацтве ён называе віцебскага жывапісца Юдэля Пэна. Адным з вучняў якога быў Марк Шагал, з ім Цадкін вучыўся ў гарадскім вучылішчы.
У 1905 годзе Цадкін зʼязджае ў Англію, дзе запісваецца на вячэрнія курсы скульптуры. Праз пяць гадоў пераязджае ў Парыж, жыве ў знакамітым «Вуллі» на Манпарнасе, сябруе з авангарднымі мастакамі, такімі як Мадыльяні, падтрымлівае таварыскія і творчыя адносіны з Пікаса, Мацісам. Падчас Першай сусветнай вайны Цадкін служыць добраахвотнікам у французскай арміі і атрымлівае французскае грамадзянства. У 1919 годзе ён знаёміцца з мастачкай Валянцінай Пракс, і ў наступным годзе яны бяруць шлюб.




Улетку 1920 года яны ўпершыню паказваюць свае працы ў Бельгіі. Гэта становіцца важнай вехай у карʼеры Цадкіна. У 1930-я гады брусельскія архітэктары заказваюць Цадкіну скульптуры для прастор, прызначаных пад мастацтва ў іх будынках у стылі арт-дэко. У 1932 годзе Цадкін стварае манументальны рэльеф шырынёй 12 метраў для кінатэатра «Метраполь».

Падчас Другой сусветнай вайны мастак з’язджае ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Пракс застаецца ў Францыі, каб абараніць іх працы і маёмасць.



Сувязь Цадкіна з Бельгіяй працягвалася і пасля Другой сусветнай вайны. Напрыклад, са Злучаных Штатах мастак вярнуўся ў Еўропу з дапамогай антверпенскага суднаўладальніка з Бельгійскай марской кампаніі, які арганізаваў перавозку яго прац з Нью-Ёрка.

Творы Цадкіна захоўваюцца і ў Беларусі. Некалькі скульптур ёсць ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску. Нядаўна Музей Марка Шагала ў Віцебску атрымаў у падарунак тры графічныя лісты Цадкіна, а ў 2019-м у сталіцы была ўсталяваная яго манументальная скульптура «Носьбіт дароў».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
