Reform.news

У Заслаўі адкрылася выстава, прысвечаная аўтарцы «Літоўскай гаспадыні» — кулінарнага бестсэлера ХІХ стагоддзя

Reform.news · 25 октября 2026, 12:29

https://reform.news/u-zasla-i-adkrylasja-vystava-prysvechanaja-a-tarcy-lito-skaj-gaspadyni-kulinarnaga-bestsjelera-hih-stagoddzja/

У музеі-запаведніку «Заслаўе» адкрылася выстава, прысвечаная Ганне Цюндзявіцкай з роду Прушынскіх, аўтарцы кнігі «Літоўская гаспадыня».

«Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая» — «не проста чарговая гістарычная экспазіцыя, не спроба рэканструяваць побыт мінулых стагоддзяў і не ілюстратыўны дадатак да вядомага твора. Гэта — выстава-эмоцыя, выстава-інсталяцыя, выстава-амаж, прысвечаная бессмяротнаму і надзвычай значнаму твору пані Цюндзявіцкай» – тлумачаць стваральнікі экспазіцыі і абяцаюць падарожжа ў сэнсах, вобразах і тых глыбінях чалавечага досведу, якія адкрываюцца праз гаспадарчыя парады, кулінарныя рэцэпты і жыццёвыя настаўленні, сабраныя пад вокладкай «Літоўскай гаспадыні».

«Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая». Фота: сацсеткі

Гісторыя кнігі

«Літоўская гаспадыня» ўбачыла свет у 1848 у віленскім выдавецтве Юзафа Завадскага. Кніга вытрымала мноства перавыданняў на працягу шасцідзесяці гадоў — колькасць для XIX стагоддзя амаль неверагодная. Яе поўная назва гучыць так: «Літоўская гаспадыня, ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым».

«Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая». Фота: сацсеткі

Для свайго часу гэта была не проста кулінарная кніга, а першая на беларускіх землях гаспадарчая энцыклапедыя, своеасаблівы кодэкс паводзін, скарбніца ведаў пра тое, як весці дом, захоўваць прыпасы, лячыць хваробы, даглядаць жывёлу, весці справы. Гэта кніга, напісаная ў маёнтку Кішчына Слабада пад Барысавам, была адрасаваная не толькі высокай шляхце, але і тым, хто штодзённа стаяў каля пліты, — кухаркам і кухарам тых самых ягамосцяў, гаспадыням з дробнай шляхты, сялянам і месцічам. Яна была напісаная для тых, хто карыстаўся не выкшталцонымі сталовымі прыборамі, а керамікай і дрэвам. І менавіта гэтая адраснасць робіць твор Ганны Цюндзявіцкай такім жывым, такім сапраўдным, такім пазачасовым.

У сілу акалічнасцяў, уласцівых той эпосе, пані Цюндзявіцкая выдала кнігу без подпісу. Яна нарадзілася ў сям’і Прушынскіх, уладароў Заслаўя ды Заслаўскага графства. Менавіта тут, у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, яна брала шлюб. «Яе лёс — гэта лёс кабеты, якая жыла ў эпоху, калі гаспадарка была не проста справай побыту, але справай гонару, выжывання і годнасці. І яна здолела ператварыць гэтую будзённасць у вечнасць, сабраўшы і сістэматызаваўшы веды, якія і сёння здзіўляюць сваёй грунтоўнасцю, практычнасцю і мудрасцю», — пішуць у анатацыі выставы.

«Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая». Фота: сацсеткі

Артэфакты, цытаты і лабараторыя эксперыментальнай этнаграфіі

Першая ў гісторыі Беларусі выстава, прысвечаная Ганне Цюндзявіцкай, падзеленая на некалькі частак.

У першым раздзел прадстаўленыя сапраўдныя аўтэнтычныя артэфакты ­- прылады працы, якія выкарыстоўвалі беларускія гаспадыні ў ХІХ стагоддзі. Гэта свет гаспадынь з дробнай шляхты, якія самі вялі гаспадарку і ў іх яна мала чым адрознівалася ад сялянскай. Гэта свет сялян і месцічаў, для якіх кніга была не забаўкай, а настаўнікам і памочнікам. «Мы хочам, каб наведвальнік адчуў халаднаватую цяжкасць медзі, шурпатасць керамікі, цёплую гладкасць дрэва — і праз гэтыя адчуванні дакрануўся да будзённасці, якая была асяродкам ведаў і досведу, што сталі асновай «Літоўскай гаспадыні», — так апісваюць гэты канцэпт у музеі.

У другім раздзеле размясцілі цытаты з кнігі, праз якія стваральнікі экспазіцыі запрашаюць да дыялогу, да роздуму, да ўласных высноў. Што значыць быць гаспадыняй? Што такое дом як прастора годнасці і адказнасці? Як веды перадаюцца ад пакалення да пакалення? Як змяняецца роля жанчыны ў гісторыі? Гэтыя пытанні гучаць асабліва актуальна сёння, калі мы зноў вучымся беражлівасці, самадастатковасці, увазе да дробязяў. «Літоўская гаспадыня» — гэта не толькі помнік мінулага, але і люстэрка, у якім мы можам убачыць сябе.

Трэцяя частка экспазіцыі прысвечана радаводу Ганны Цюндзявіцкай. Тут прадстаўленыя дакументы — копіі сапраўдных архіўных артэфактаў, — аб яе нараджэнні, шлюбе, радавыя дрэвы сем’яў Прушынскіх ды Цюндзявіцкіх.

«Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая». Фота: сацсеткі

Дадатковы эксперыментальны блок выставы прысвечаны сучасным практыкам, пабудаваным на спробах жыцця па запаветах літоўскай гаспадыні. Тут можна будзе пабачыць фотаінсталяцыю, у якой апавядаецца пра цяперашнія спробы адраджэння рэцэптаў з кнігі Ганны Цюндзявіцкай і іх перайначвання пад цяперашнія ўмовы. І вядомы Яблычны Сыр! «Так, менавіта з вялікай літары, — тлумачаць у анатацыі выставы, — бо гэткі Сыр — не проста экзатычная страва, калісь будзённая, а сяння больш рэдкая. Гэтая страва знакавая і для выдання пра беларускую гаспадарку пазамінулага стагоддзя, і для таго пасмаку, які застаецца на вуснах кожнага, хто прачытае энцыклапедыю навукі аб утрыманні ў добрым стане хаты і забеспячэнні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні скаціны, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым».

Гэты блок дапоўнены відэаінсталяцыяй, на якой можна пабачыць як краявіды родных Ганне Цюндзявіцкай Каралішчавічаў, дзе яна нарадзілася — старыя могілкі, касцёл, парэшткі сядзібы Прушынскіх, якія і сяння стаяць пасярод старадаўняй вёскі, ды, нават фота тэй самай сядзібы, дзе калісь мешкала юная Ганна (праўда, саміх гмахаў не засталося — яны былі зруйнаваныя цягам астатніх дзвюх дзесяцігоддзяў).

Падчас адкрыцця выставы «Энцыклапедыя будзённасці: Ганна Цюндзявіцкая». Фота: сацсеткі

На адкрыцці выставы зладзілі дэгустацыю страў, зробленых не толькі паводле рэцэптаў Ганны Цюндзявіцкай, але нават у тых мясцінах, дзе была напісаная «Літоўская гаспадыня». Ганна Прушынская выйшла замуж за барысаўскага маршалка Юзафа Цюндзявіцкага і пераехала жыць у маёнтак у Кішчынай Слабадзе, на Барысаўшчыне, дзе і напісала сваю знакамітую кнігу.

Выстава будзе працаваць да 15 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий