Reform.news

«Бацька Мінай», вечар Кеасаяна і праграма «с ароматом ванили»: Ірына Дрыга анансавала «Лістапад-2026»

Reform.news · 16 октября 2026, 12:25

https://reform.news/backa-minaj-vechar-keasajana-i-pragrama-s-aromatom-vanili-iryna-dryga-anansavala-listapad-2026/

Стала вядома, як будзе выглядаць праграма XXXII кінафестывалю «Лістапад», які адбудзецца з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад слоганам «Смотри. Живи. Цени». Сустрэча Мінстэрства культуры з журналістамі ў Мінску паказала: сёлетні форум вылучаецца глыбокай ангажаванасцю, ідэалагічным хілам у бок Расіі і адрывам ад сусветнага кінакантэксту.

Начальніца аддзела кінематаграфіі Мінкульта Ірына Дрыга заявіла, што «фестываль захаваў сваё аблічча», аднак цяпер яго геаграфія пераарыентавалася на краіны Азіі, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Сярод «навінак» праграмы Дрыга асабліва адзначыла стужкі з М’янмы, Камбоджы, Венесуэлы, Эквадора, Кубы і Пакістана, назваўшы гэта «программой с ароматом ванили», якую «не паказваюць на еўрапейскіх фестывалях».

Фільмам-адкрыццём кінафоруму стане сумесны беларуска-расійскі праект «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Гэта чарговая ваенна-патрыятычная драма пра героіку Другой сусветнай вайны і выбар партызанскага камандзіра Міная Шмырова, знятая студыяй «ВоенФильм» у сааўтарстве з «Беларусьфільмам». На прэм’еру прыедзе яго рэжысёр — расійскі акцёр і функцыянер Ігар Угольнікаў.

Акрамя таго, ідэалагічны і спецыфічны парадак дня фестывалю падкрэсліваюць іншыя акцэнты.

Вечар памяці памерлага расійскага рэжысёра і прапагандыста Тыграна Кеасаяна з паказам ягонай апошняй працы «Сем дзён Пятра Сямёныча». Вядомы сваёй агрэсіўнай крэмлеўскай рыторыкай, шавінісцкімі шоу і шлюбам з Маргарытай Сіманьян прапагандыст памёр у верасні 2025 года.

Круглы стол па супольнай кінавытворчасці Беларусі і РФ пад эгідай Пастаяннага камітэта «Саюзнай дзяржавы» і сустрэча кіраўнікоў кінаўстаноў у Выканкаме СНД.

Спецыяльныя Дні нацыянальнага кіно, прысвечаныя «жаночаму погляду» ў межах «Года беларускай жанчыны». Адметную жаночую оптыку і стужкі пра жанчын з цікавым лёсам пакажуць рэжысёркі з Беларусі, Расіі, Казахстана і Пакістана.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця («З любоўю з Беларусі») пройдуць у сталічным кінатэатры «Москва». Арганізатары сцвярджаюць, што атрымалі больш за 3300 заявак з 108 краін, а ў выніку глядачам пакажуць каля 130 фільмаў з 55 дзяржаў. Прадаж квіткоў на фестываль, які ператварыўся ў асяродак для культурнай прапаганды, пачнецца на наступным тыдні.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий