Аднаўляць страчаныя роспісы ў Чырвоным касцёле пакуль не збіраюцца: што насамрэч прадугледжвае рэстаўрацыя
Reform.news · 8 октября 2026, 23:54
https://reform.news/advolic-strachanyja-rospisy-chyrvonym-kascjole-pakul-ne-zbirajucca-shto-nasamrjech-pradugledzhvae-rjesta-racyja/Сродкі, выдзеленыя на бягучы этап рэстаўрацыі Чырвонага касцёла ў Мінску, пойдуць пераважна на захаванне існых роспісаў і рэстаўрацыю вітражоў. Поўнамаштабнае ўзнаўленне гістарычных мастацкіх скляпенняў храма ў праект не ўваходзіць. На нюансы дакументацыі звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».
Раней у медыя з’явілася інфармацыя са спасылкай на тэндарную дакументацыю пра тое, што падчас рэканструкцыі касцёла Святых Сымона і Алены нібыта плануецца аднавіць усе страчаныя роспісы. Аднак аналіз коштарысу паказвае, што пра маштабныя працы па вяртанні гістарычнага афармлення гаворка пакуль не ідзе.
Паводле дакументацыі на сайце дзяржзакупак, агульная сума рэстаўрацыйных прац складае 849 762,12 рубля. Асноўныя артыкулы выдаткаў размяркоўваюцца наступным чынам:
- Рэстаўрацыя вітражоў (5 шт.) — 42 801,4 руб.
- Расчыстка каменных капітэляў ад позніх афарбовак (14 шт.) — 198 081,48 руб. (дзве пазіцыі ў ведамасці).
- Экспазіцыйныя зандажы (20 м²) — 693,11 руб.
Пачаткова ў смету была ўключана рэстаўрацыя мастацкага роспісу на столі богаслужбовай залы (1 камплект) за 204,4 тыс. рублёў. Пазней гэтую пазіцыю адкарэктавалі: замест яе ў праекце з’явілася «Рэстаўрацыя мастацкага роспісу на столі» на плошчы 91 м² сумай 445 150,01 рубля.
Чаму гаворка не ідзе пра «ўзнаўленне страчанага»?
Як зазначае канал «Спадчына», плошча ў 91 квадратны метр — гэта прыкладна квадрат 9,5 на 9,5 метра. Такога аб’ёму не хопіць нават для таго, каб пакрыць роспісы, адноўленыя рэстаўратарамі ў 1990-я гады (і не забяленыя падчас рэмонту ў 2010-я). Агульная ж плошча гістарычных скляпенняў храма, дзе знаходзіліся роспісы, на парадак большая.
У праектнай дакументацыі сапраўды фігуруе фармулёўка пра «ўзнаўленне цалкам страчаных фрагментаў роспісаў», што і стала прычынай гучных загалоўкаў у СМІ. Аднак тычыцца гэта зусім невялікай плошчы — каля 20 кв. метраў. Астатнія 91 кв. метр прадугледжваюць рэстаўрацыю ўжо існых фрагментаў мастацкага афармлення.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
