Reform.news

Чым адметная Эн Карсан, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры?

Reform.news · 8 октября 2026, 15:35

https://reform.news/chym-admetnaja-jen-karsan-jakaja-atrymala-nobele-skuju-prjemiju-pa-litaratury/

Нобелеўская прэмія па літаратуры 2026 года прысуджана канадскай пісьменніцы Эн Карсан «за яе смелую і наватарскую творчасць, якая ў гульнявым дыялогу з класічнай традыцыяй стварыла новыя формы для сучаснай літаратуры», – пазначана на сайце прэміі.

Фраза «дыялог з класічнай традыцыяй» азначае, што пісьменніца непасрэдна пераносіць антычныя сюжэты і міфы ў сучасны кантэкст. Яна змешвае паэзію, прозу, эсэ і пераклады са старажытнагрэцкай мовы, парушаючы звыклыя межы літаратуры. А свае кнігі піша на мяжы жанраў: вершы ў прозе, эсэ-вершы, драматычныя калажы.

Эн Карсан выкладае класічныя мовы і славеснасць ва ўніверсітэтах ЗША і Канады. Яна перакладае творы такіх аўтараў, як Сіманіяд, Сапфо, Эсхіл, Сафокл, Еўрыпід, Катул.

Нарадзілася Эн Карсан 21 чэрвеня 1950 года ў канадскім Таронта. Вучылася ва ўніверсітэце Таронта, дзе атрымала ступені бакалаўра і магістра па класіцы, абараніла дысертацыю па творчасці Сапфо.

Дэбютавала ў 1986 годзе з філасофскага эсэ «Горка-салодкі эрас», які быў працягам яе доктарскай працы. Абапіраючыся на фрагмент паэткі Сапфо, якая назвала каханне «салодка-горкім» аўтарка даследуе парадокс жадання, якое адначасова прыносіць асалоду і боль, нараджаючыся з адлегласці паміж тым, хто кахае, і каханым. Кніга ўвайшла ў спіс лепшых навукова-папулярных выданняў па версіі Modern Library і аб’ядноўвае антычную літаратуру, філасофію Платона і разважанні аб прыродзе чалавечага мыслення.

Хоць першыя вершы яна апублікавала ўжо ў 1980-х гадах, яе дэбютны паэтычны том «Шкло, іронія і Бог» выйшаў толькі ў 1995 годзе. Карсан хутка стала адным з самых гучных імёнаў у англамоўнай паэзіі.

У сваім знакамітым рамане «Аўтабіяграфія чырвонага», узяўшы другараднага персанажа антычнай міфалогіі – Герыёна, якога Геракл забіў у адным са сваіх подзвігаў, Карсан ператварае яго ў складанага, пачуццёвага героя сучаснасці. Яе Герыён вядзе дзённік, кахае, пакутуе і шукае сябе праз мастацтва. Філасофскай асновай тэксту становіцца канцэпцыя «дэкрэацыі», запазычаная ў Сімоны Вейль.

Вейль разумела пад гэтым канцэптам добраахвотны акт самазнішчэння, адмову ад эга, неабходную для сустрэчы з чароўным. Карсан пераасэнсоўвае гэтую ідэю: яе Герыён літаральна «разбірае сябе на часткі», каб зноўку сабраць сваю ідэнтычнасць. «Гэта называлася: думаць», – піша Карсан. У гэтым тэксце Карсан стварае літаратурны калаж, дзе вершы суседнічаюць з псеўданавуковымі інтэрвʼю, фрагментамі дзённікаў і філасофскімі адсылкамі. Гэты фармальны эксперымент – дакладнае адлюстраванне разарванай свядомасці героя, яго спробы сабраць сябе праз тэкст.

Кніга выклікала бурную рэакцыю ў некалькіх перыядычных выданнях. Крытык Брус Хэйнлі назваў Карсан «філосафам разбітых сэрцаў».

Сярод апошніх яе кніг – «H of H Playbook» (2021) i «Wrong Norma» (2024).

У гутарцы з паэткай-крытыкам Стэфані Берт Карсан прызналася, што ў глыбіні душы лічыць сябе мастаком візуальнага, а не слоўнага плану: «Я наогул амаль нічога не пісала, пакуль мне не споўнілася дваццаць, таму што я малявала. Я проста малявала карцінкі і часам пісала на іх, калі была маленькай, але ў асноўным мяне цікавіла маляванне. Я ніколі не думала пра сябе як пра пісьменніка! Нават пасля выхаду некалькіх прызнаных кніг я яшчэ не ведаю, што ў мяне атрымліваецца. Трэба нешта ствараць. І гэта зручная форма, якая існуе ў нашай культуры, – кніга, у якой вы можаце нешта ствараць, але гэта становіцца ўсё менш і менш прыемным заняткам. І я ніколі не адчувала, што гэта вычэрпвае ўсе мае ідэі».

Гэта другі ў гісторыі літаратурны Нобель для Канады (пасля Эліс Манро). Летась Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў венгерскі пісьменнік Ласла Краснахоркаі – за «захапляльную і празорлівую творчасць, якая ва ўмовах апакаліптычнага жаху зноў пацвярджае сілу мастацтва».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий