У Швейцарыі адкрыецца абноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку. Урачыстасць пройдзе на беларускай мове
Reform.news · 6 октября 2026, 15:53
https://reform.news/u-shvejcaryi-adkryecca-abno-leny-pomnik-tadjevushu-kascjushku-urachystasc-projdze-na-belaruskaj-move/17 кастрычніка 2026 года а 13:00 у Stadtpark у швейцарскім Золатурне адкрыецца абноўлены помнік Тадэвушу Касцюшку. Урачыстасць пройдзе па-беларуску.
Помнік быў усталяваны ў кастрычніку 2017 года з ініцыятывы заснавальніка і тагачаснага кіраўніка Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі Алеся Сапегі да 200-й гадавіны з дня смерці Касцюшкі.

Цяпер ініцыятыва MALDZIS разам з Фондам Марыі Магдалены Радзівіл, які ўзначальвае Сапега, зрабіла для помніка падмурак з беларускага валуна і новую мемарыяльную шыльду. Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.
Апрацоўка каменя і выраб шыльды былі ажыцяўлены ў Мінску. На пачатку 2026 года валун і шыльда, а таксама брукаванка для добраўпарадкавання тэрыторыі вакол помніка былі дастаўлены з Беларусі ў Польшу, а пазней – у Швейцарыю. Мантаж помніка на валун і добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі беларускай брукаванкай былі зроблены швейцарскім бокам у ліпені.
Гэтай вясной Алесь Сапега сказаў: «Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіцца камень і брукаванка з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стане яшчэ і фізічнай».
Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе ў маёнтку Мерачоўшчына ў Вялікім Княстве Літоўскім – цяпер гэта Івацэвіцкі раён у Беларусі. Ён удзельнічаў у Амерыканскай рэвалюцыі, атрымаў ганаровае грамадзянства Францыі і ўзначаліў паўстанне 1794 года супраць расійскай акупацыі. Касцюшка памёр у Золатурне 15 кастрычніка 1817 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
