Reform.news

Архіў VEHA збірае фотаздымкі для другога тома кнігі «Руіны Беларусі»

Reform.news · 3 октября 2026, 16:53

https://reform.news/arhi-veha-zbirae-fotazdymki-dlja-drugoga-toma-knigi-ruiny-belarusi/

Незалежны лічбавы архіў вернакулярнай фатаграфіі VEHA пачынае працу над другім томам кнігі «Руіны Беларусі» і запрашае дзяліцца здымкамі ХХ стагоддзя з сямейных архіваў, на якіх захаваліся руіны і гістарычныя будынкі Беларусі.

Пасля выдання першага тома «Руін» прайшоў год. За гэты час кніга трапіла ў бібліятэкі па ўсім свеце, атрымала прэмію Najpiękniejsze Polskie Książki 2025, аднаго з найбольш прэстыжных культурных конкурсаў у Польшчы, які з 1957 года арганізуе Польскае таварыства кнігавыдаўцоў. Кніга ўвайшла ў шорт-ліст Fotograficzna Publikacja Roku, і была прадстаўлена на выставах у Muzeum Sztuki Nowoczesnej, Instytut Fotografii Fort і Łódź Fotofestiwal 2026. Гэта не столькі спіс узнагарод, колькі пацвярджэнне таго, што гісторыя, захаваныя ў сямейных альбомах, можа мець значэнне далёка за межамі асобнай сям’і.

1944-1949 гг., Сянно, Віцебская вобл. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (зачынены савецкімі ўладамі ў 1937 г., пацярпеў у Другую сусветную вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1962 г., на захаваўшыхся падмурках у 2010-я быў пабудаваны новы касцёл). Фота з лічбавага архіва VEHA

Чаму з’яўляецца другі том?

Першы том «Руін Беларусі» стаў даследаваннем таго, як фатаграфія можа захоўваць памяць пра месцы, якія знікаюць. У працэсе працы стала зразумела, што матэрыялаў значна большы за магчымасці аднаго выдання. Менавіта таму VEHA пачынае працу над другім томам «Руін Беларусі». Выбар архітэктурных аб’ектаў зноў будзе адбывацца ў непасрэдным узаемадзеянні з людзьмі, якія дашлюць свае фатаграфіі.

Як і ў першым томе, вакол фатаграфій будзе створаны корпус даследчых тэкстаў пра гісторыю і архітэктуру. Тэксты будуць падрыхтаваныя з беларускай перспектывы і апублікаваныя на трох мовах – беларускай, польскай і англійскай. Так кніга зноў злучыць сямейную фатаграфію, візуальную гісторыю і даследаванне архітэктурнай спадчыны Беларусі.

Першы том кнігі «Руіны Беларусі».

Як даслаць фатаграфію?

VEHA запрашае дасылаць фатаграфіі, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1990 года, на якіх можна ўбачыць руіны гістарычных будынкаў. Гэта могуць быць замкі, сядзібы, цэрквы і касцёлы, сінагогі, млыны, вакзалы і іншыя будынкі. Асаблівую вартасць маюць здымкі, на якіх людзі пазіруюць на фоне руін. Менавіта змяшчэнне фокусу з архітэктуры на чалавека стала адной з асноўных рысаў праекта.

Архіў VEHA збірае толькі лічбавыя копіі, арыгіналы застаюцца ў сям’і.

Копіі можна дасылаць на пошту: [email protected]

***

VEHA – гэта незалежны лічбавы архіў вернакулярнай фатаграфіі ХХ стагоддзя, які збірае і даследуе візуальную гісторыю Беларусі праз сямейныя фотаархівы. Сёння анлайн-архіў змяшчае больш за 3000 унікальных фотаздымкаў з сотняў розных крыніц і рэгулярна папаўняецца новымі матэрыяламі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий