Reform.news

У брэсцкім касцёле забараняюць правядзенне канцэртаў, якія выклікалі спрэчкі сярод вернікаў

Reform.news · 30 сентября 2026, 18:57

https://reform.news/u-brjesckim-kascjole-zabaranjajuc-pravjadzenne-kancjerta-jakija-vyklikali-sprjechki-sjarod-vernika/

Улады Брэста вырашылі забараніць правядзенне канцэртаў Euphoria Night у брэсцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, піша выданне Katolik.news.

Як паведамлялася раней, гэтыя канцэрты выклікалі масавае захапленне, але таксама спрэчкі сярод вернікаў.

Канцэрты Euphoria Night у касцёле сталі прадметам абмеркавання на нарадзе, якая прайшла ў канцы верасня з удзелам кіраўніцтва горада, ідэолагаў, аддзела культуры. Па выніках прынялі рашэнне, што гэты праект больш не будзе паказвацца ў храме.

Як перадалі вернікам, такое рашэнне было прынята ў тым ліку пад уплывам меркавання мясцовай праваслаўнай епархіі, дзе нібыта не вітаюць правядзенне масавых канцэртаў поп-музыкі ў каталіцкім храме.

Ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт пакуль няма. Каталіцкая дыяцэзія і непасрэдна парафія касцёла (фармальна толькі там маглі б і павінны б былі прымаць рашэнні) ніяк не каментавала шоу Euphoria Night у храме, нягледзячы на шырокую дыскусію сярод вернікаў, і цяпер таксама нічога не паведамляе пра магчымую забарону далейшых канцэртаў.

Праект Euphoria Night у сваіх пабліках на гэты момант не анансуе новых выступаў. На пытанне карыстальнікаў пра тое, калі будуць новыя канцэрты, гурт адказаў 29 верасня, што такой інфармацыі пакуль няма.

Нагадаем, што праект існуе ў двух асноўных фарматах: першы — як вялікае шоу з сімфанічным аркестрам, рок-гуртам і харэаграфіяй для палацаў спорту, тэатраў і філармоній. Другі — камерны франчайз «Euphoria Night», спецыяльна адаптаванае шоу пад акустыку і «атмасфернасць» касцёлаў. Самі арганізатары пазіцыянуюць гэта як «інтэлектуальны канцэрт у дзеючым касцёле».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий