Reform.news

Беларускі драматург атрымаў прэстыжную шведскую тэатральную ўзнагароду: Дзмітрый Плакс адзначаны Bennypriset 2026

Reform.news · 25 сентября 2026, 15:49

https://reform.news/belaruski-dramaturg-atryma-prjestyzhnuju-shvedskuju-tjeatralnuju-znagarodu-dzmitryj-plaks-adznachany-bennypriset-2026/

Беларускі і шведскі драматург, пісьменнік, рэжысёр і перакладчык Дзмітрый Плакс быў адзначаны Ганаровай прэміяй (Hederspriset) у межах прэстыжнай тэатральнай узнагароды Bennypriset 2026.

Сёння Дзмітрый Плакс займае пасаду мастацкага кіраўніка праекта Dramaten.doc пры Каралеўскім драматычным тэатры Швецыі (Dramaten) у Стакгольме. Асноўную прэмію атрымала дызайнерка святла Софі Гюнінг (Sofie Gynning).

У афіцыйным рашэнні журы высока ацаніла шматгадовы ўнёсак Плакса ў развіццё шведскага сцэнічнага мастацтва:

«Ужо тры дзесяцігоддзі ён як драматург, пісьменнік і рэжысёр пашырае перспектывы шведскага сцэнічнага мастацтва — раней у Radioteatern, а цяпер як выбітны мастацкі кіраўнік Dramaten.Doc. Адным вухам прыслухоўваючыся да сучаснасці, а другім — да ўнікальнай магчымасці тэатра ўвасабляць балючыя кропкі чалавецтва, ён бескампрамісна дае прастору неабходным галасам і актуальнаму досведу. Калі шведскі тэатр часам здаецца зацыкленым на сабе, ён прыходзіць і выбівае дзверы да свежага паветра».

Тэатральная прэмія Bennypriset заснаваная ў гонар Бені Фрэдрыксана (Benny Fredriksson, 1959–2018) — выбітнага шведскага акцёра, рэжысёра і шматгадовага кіраўніка Культурнага цэнтра і Гарадскога тэатра Стокгольма (Kulturhuset Stadsteatern). Фрэдрыксан быў легендарнай постаццю ў шведскім тэатральным свеце, вядомым сваёй адданасцю смеламу, актуальнаму і адкрытаму мастацтву.

Узнагарода прысуджаецца дзеячам тэатральнага мастацтва за выключную прафесійную адданасць, інавацыйны падыход і здольнасць пашыраць межы сцэнічнай прасторы. Намінацыя Ганаровай прэміі (Hederspriset) адзначае стваральнікаў, якія напрацягу доўгага часу робяць унікальны, стратэгічны ўнёсак у развіццё тэатра і выводзяць яго за рамкі звыклага фармату.

Дзмітрый Плакс нарадзіўся ў Мінску, з сярэдзіны 1990-х жыве і працуе ў Стакгольме. Стваральнік і прадзюсар Беларускай службы «Радыё Швецыя» (2004-2009). Сябар Саюза пісьменнікаў Швецыі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар праўлення Шведскага ПЭНа.

Аўтар паэтычных і празаічных кніг на беларускай, шведскай і рускай мовах (сярод якіх «Дзённік Сі Твомблі», «Пецер. Час» і інш.). Пераклаў на беларускую і рускую мовы творы многіх выдатных шведскіх аўтараў (у тым ліку Астрыд Ліндгрэн, Тумаса Транстрэмера, Стыга Ларсана). У Стакгольме творца распрацаваў уласную форму сцэнічнай дзеі, якую ўвасабляе ў праекце DRAMATEN.DOC — серыі перфарматыўных чытак пра бягучыя падзеі ў свеце.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий