Касцёл на Брэстчыне не будуць пазбаўляць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Навіну, якую перадрукавалі незалежныя выданні, назвалі фэйкам
Reform.news · 17 июля 2025, 17:04
https://reform.news/kascjol-na-brjestchyne-ne-buduc-pazba-ljac-statusu-gistoryka-kulturnaj-kashto-nasci-navinu-jakuju-peradrukavali-nezalezhnyja-vydanni-nazvali-fjejkam/Учора разышлася інфармацыя пра тое, што на Брэстчыне замест аднаўлення касцёла ў маёнтку Ажэшкаў шукаюць тых, хто дапаможа пазбавіць яго ахоўнага статусу.
Тэлеграм-канал katolik.life заўважыў тэндар на падрыхтоўку заключэння на пазбаўленне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці руін касцёла ў вёсцы Язвіны Драгічынскага раёна.

Пасля некалькіх публікацый на наступны дзень мясцовыя ўлады заявілі, што не збіраюцца пазбаўляць аб’ект статусу.
У газеце райвыканкама навіну назвалі фэйкам. Хоць на сайце дзяржзакупак тэндар можна ўбачыць і цяпер, піша katolik.life.

Закупка ўжо была завершана. Але яна тычылася не выбару выканаўцы на падрыхтоўку заключэння, а мела на мэце вызначэнне максімальнага кошту закупкі.
Верагодна, пасля вызначэння кошту альбо з прычыны розгаласу ўлады перадумалі пазбаўляць аб’ект важнага статусу. Прынамсі, так заявілі ў райвыканкаме: «Гаворкі аб выключэнні аб’екту са спісу культурна-гістарычных каштоўнасцяў не ідзе».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
