Сяргей Доўгушаў сабраў калыханкі з розных куткоў Беларусі ў адной кнізе. Прычым калыханкі ў выданні можна не толькі пачытаць, але і паслухаць
Reform.news · 23 июня 2025, 23:20
https://reform.news/sjargej-do-gusha-sabra-kalyhanki-z-roznyh-kutko-belarusi-adnoj-knize-prychym-kalyhanki-vydanni-mozhna-ne-tolki-pachytac-ale-i-pasluhac/Праект фалькларыста і музыкі Сяргея Доўгушава «Беларускія калыханкі» выйшаў у свет. У кнізе сабраныя калыханкі з усіх этнічных беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Падляшша і Палесся. Прычым з песнямі можна пазнаёміцца, не толькі пачытаўшы тэкст, пабачыўшы ноты, але і паслухаўшы іх музычнае выкананне.
Адметнасцю выдання, на якое збіраліся сродкі на платформе Gronka, з’яўляецца студыйны альбом. Музыка і збіральніца беларускіх нацыянальных строяў Вольга Дземка са сваім гуртом VOLYA праспявала сабраныя Сяргеем Доўгушавым песні. Усе трэкі, разам з аўтэнтычнымі запісамі, можна паслухаць па QR-кодах у кнізе.

Матэрыял для кнігі збіраўся больш за год: Сяргей Доўгушаў шукаў, адбіраў калыханкі, укладаў, пісаў тэксты. Нарэшце, выданне атрымала канчатковы варыянт — з ілюстрацыямі ад Tikava_studio кніга выйшла дзякуючы культурніцкай кампаніі «ЭтнаТрадыцыя».
«Гэтую кнігу я прысвячаю сваёй дачцэ Эвеліне, — падзяліўся добрай навіной у сацсетках Сяргей Доўгушаў. — Ад самага нараджэння я спяваў ёй адну з маіх улюбёных калыханак: «Лю-лі, лю-лі, прыляцелі гулі» — яна на першых старонках кнігі. Так пачыналася яе знаёмства з казачным сусветам і героямі: гулі, коцік, курачкі… Цяпер магу з упэўненасцю сказаць: калыханкі сёння спяваюць не толькі мамы, але і таты».
Музыка будзе рады сустрэчам на прэзентацыях у розных краінах — таксама плануецца серыя майстар-класаў па спевах беларускіх калыханак.
Набыць кнігу «Беларускія калыханкі» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
