Памёр Сяргей «Боршч» Кныш — бубнач легендарных рок-гуртоў «Бонда», Ulis і «Крама»
Reform.news · 28 марта 2025, 21:07
https://reform.news/pamjor-sjargej-borsh-knysh-bubnach-legendarnyh-rok-gurto-bonda-ulis-i-krama/Сышоў у іншы свет Сяргей «Боршч» Кныш — музыка, які граў на бубнах у выбітных беларускіх рок-гуртах «Бонда», «Уліс», «Крама». Аўтар тэкстаў песень, які ўвайшлі ў гісторыю беларускага рок-н-ролу.
Пра смерць музыкі паведаміў у сваіх сацсетках паэт і аўтар тэкстаў да песен «Уліса» і «Крамы» Фелікс Аксёнцаў.
Сяргею Кнышу было 62 гады.
Сяргей Кныш нарадзіўся ў сям’і рабочага і таваразнаўцы. Маці была з Расіі, бацька — беларус з-пад Копыля. Як казаў музыка, ніякіх літаратурных ці мастацкіх продкаў у яго не было, але гэта не перашкодзіла яму паступіць у мастацкую школу для адораных дзяцей — так званы Парнат, а потым — у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў). Творца навучаўся скульптуры ў Анатоля Анікейчыка.

Спачатку Сяргей Кныш іграў у гурце «Студыя 7», а потым з прыходам музыкаў Сяргея Дарожкі, Ігара Варашкевіча, Славы Кораня ствараецца культавая «Бонда» — рок-гурт, які абраў сваёй мовай беларускую. Сяргей напісаў тэксты да такіх выбітных кампазіцый як «Стэфка», «Слуцкая брама», «Радыёактыўны блюз», ды іншых, потым пасля распаду «Бонды» «Стэфка» і «Слуцкая брама» ўвайшлі ў рэпертуар «Крамы». З удзелам Сяргея Кныша ва «Улісе» — другі культавы калектыў, які ўтварыўся пасля распаду «Бонды» — былі запісаныя такія слынныя альбомы як «Краіна доўгай белай хмары» і «Танцы на даху».
Жыў і працаваў у Мінску.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
