Святочная прэм’ера ад Змітра Вайцюшкевіча — відэа «Каляднае танга» ў стылістыцы малюнкаў на шкле — так званых відзікаў
Reform.news · 31 декабря 2023, 01:25
https://reform.news/svjatochnaja-prjem-era-ad-zmicera-vajcjushkevicha-vidjea-kaljadnae-tanga-stylistycy-maljunka-na-shkle-tak-zvanyh-vidzika/«Каляднае танга» — такую назву мае новая песня Змітра Вайцюшкевіча на вершы Уладзіміра Някляева, прэм’ера якой сёння адбылася на YouTube-канале спевака і кампазітара. На кампазіцыю быў створаны атмасферны кліп у стылістыцы «відзікаў» — малюнкаў на шкле — феномена традыцыйнага народнага беларускага мастацтва канца XIX-га — пачатку і сярэдзіны XX стагоддзяў. Аўтарка відэашэрагу — мастачка Аляксандра Канафальская.
«Абразы на шкле з’явіліся раней за шкляныя свецкія карцінкі, але хутка зніклі з ужытку. Разам з маляванымі дыванамі, вышытымі ручнікамі і тканымі посцілкамі карцінкі на шкле фарміравалі цэласны ансамбль пасляваеннага вясковага інтэр’ера, — распавядаецца пра праяву гэтага народнага мастацтва ў апісанні да відэа. — Звычайна гэтыя карцінкі ўяўлялі сабой арыгінальныя творы з выявамі коцікаў, галубоў і паненак, якія можна было набыць на кірмашах або ў вандроўных гандляроў. Рэгіянальная назва карцінак на шкле — «відзікі». На дадзены момант не толькі музеі Беларусі маюць калекцыі відзікаў, але прыватныя асобы таксама імкнуцца захаваць пярліны народнага мастацтва».
Беларуская мастачка Аляксандра Канафальская зрабіла сваю, аўтарскую інтэпрэтацыю «відзікаў», намаляваўшы — таксама на шкле — пэўныя элементы традыйных сюжэтаў. У кліпе можна ўбачыць ружы, галубоў ды вобраз Панны.
«Шчаслівых святаў, шаноўныя!», — павіншаваў сваіх слухачоў Зміцер Вайцюшкевіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
