Купалаўцы прэзентуюць аўдыёспектакль паводле апавядання Уладзіміра Арлова
Reform.news · 7 октября 2021, 13:01
https://reform.news/264755-%d0%9a%d1%83%d0%bf%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d1%9e%d1%86%d1%8b-%d0%bf%d1%80%d1%8d%d0%b7%d0%b5%d0%bd%d1%82%d1%83%d1%8e%d1%86%d1%8c-%d0%b0%d1%9e%d0%b4%d1%8b%d1%91%d1%81%d0%bf%d0%b5%d0%ba%d1%82%d0%b0%d0%ba%d0%bb%d1%8c-%d0%bf%d0%b0%d0%b2%d0%be%d0%b4%d0%bb%d0%b5-%d0%b0%d0%bf%d0%b0%d0%b2%d1%8f%d0%b4%d0%b0%d0%bd%d0%bd%d1%8f-%d0%a3%d0%bb%d0%b0%d0%b4%d0%b7%d1%96%d0%bc%d1%96%d1%80%d0%b0-%d0%90%d1%80%d0%bb%d0%be%d0%b2%d0%b0/Славуты твор беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова «Ордэн белай мышы» прагучыць сёння, 7 кастрычніка, на YouTube-канале незалежнай тэатральнай групы і на падкасце «III акт».
«Гэтым разам мы вырашылі яшчэ больш пашырыць межы творчасці і рызыкнулі стварыць супольны праект», — анасавалі прэм’еру аўдыспектакля, створанага ў супрацы з падкаст-праектам “III акт” Купалаўцы.
“III акт” — гэта некамерцыйная беларуская ініцыятыва, якая займаецца стварэннем аўдыёспектакляў паводле класічнай і сучаснай драматургіі ў фармаце падкастаў. Сваёй лакальнай звышзадачай праект бачыць «атмасферу месца і [вас] у ёй: адчуванне таго, што вы апынуліся ў гэтым месцы не выпадкова. І мы зрабілі ўсё дзеля гэтага, так што вам застаецца яе толькі адчуць».

Пазначаецца, што каманда падкаста працуе з прафесійнымі і аматарскімі калектывамі. «І на дадзены момант нашы калегі выпусцілі ўжо 10 аўдыёспектакляў, у якіх задзейнічаныя не толькі акцёры, але і запрошаныя госці», — дзеляцца інфармацыяй Купалаўцы.
«Ордэн белай мышы» — твор-антыўтопія, своеасаблівае разважанне пісьменніка Уладзіміра Арлова пра адносіны ў грамадстве, дзе няма здаровай канкурэнцыі, дзе ўсё існуе толькі ў адным экзэмпляры. «Два лёсы – пісьменнік без чытачоў і кароль без падданых, такія розныя погляды, статусы, жыцці – сустракаюцца ў філасофска-інтэлектуальнай размове, якая ані па законах жанру, ані па законах жыцця не мае шанцаў скончыцца чымсьці звычайным», — даецца ў анатацыі да аўдыёпастаноўкі.
«Мы дазволілі сабе абазначыць жанр як “казка для дарослых”, — адзначаюць артысты. — І можна шмат распавядаць пра спектакль, пра яго сэнс, пра працу з матэрыялам, але мы прапануем лепей пачуць усё на ўласныя вушы. Наш зорны склад не пакіне раўнадушным нікога. А сам аповед гаворыць пра сябе лепш за любыя іншыя словы».
Ролі ў аўдыёспектаклі агучваюць вядомыя акцёры Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, Георгій Маляўскі і Ігар Дзянісаў.
Час прэм’еры новага праекта Купалаўцаў — 19.00, 7 кастрычніка.
Варта дадаць, што калі беларускія слухачы здолеюць спрычыніцца да творчасці незалежнай театральнай групы ў фармаце аўдыёпастаноўкі, берлінскі глядач мае гонар бачыць жывы спектакль вольных артыстаў. На сцэне берлінскага DEUTSCHES THEATER акурат сёння ж беларускія акцёры даюць «Войцэка» паводле Георга Бюхнэра ў рэжысуры Рамана Падаляка.

«Калі раптам вы знаходзіцеся тут, у Берліне, разам з намі, калі маеце жаданне пабачыцца, абняцца, то гэта той самы момант!», — запрашае на спектакль незалежная трупа.
Паказы «Войцэка» ў Берліне адбудуцца 7 і 8 кастрычніка ў межах гастроляў калектыву па Еўропе.
