Беларускі тэатр лялек у Мінску анансаваў новую пастаноўку беларускага рэжысёра Яўгена Карняга — «Проданный смех» паводле казачнай аповесці Джэймса Круса «Цім Талер, або Прададзены смех».
Нагадаем, што беларускі рэжысёр, вядомы яскравымі і ўганараванымі спектаклямі на тэатральных пляцоўках Беларусі і замежжа — «Шлюб з ветрам», «Пачупкі», «Бетон», «Сёстры Грайі», Vino, «Адысей, вяртайся дадому» ды іншыя, з гэтага года з’яўляецца штатным рэжысёрам мінскага Лялечнага.
Гэта трэцяя праца аўтара на сцэне Беларускага тэатра лялек пасля нашумелых «Інтэрв’ю з ведзьмамі» і «Нататкі юнага доктара».
Над «Проданным смехам» разам з рэжысёрам працуюць яго даўнія партнёры: лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі, знаная мастачка сцэны Таццяна Нерсісян і кампазітарка Кацярына Аверкава.
Акцёрскі склад спектакля такі: Дзмітрый Чуйкоў, Ілля Соцікаў, Цімур Муратаў, Наталля Кот-Кузьма, Святлана Цімохіна, Кацярына Трафімук, Ганна Гаспадарык і Аляксей Сянчыла.
Для Яўгена Карняга гэта будзе першая пастаноўка для дзяцей.
Прэм’ерныя паказы прызначаны на 24 і 25 снежня 2022.
Нягледзячы на складаныя варункі, Беларускі тэатр лялек намагаецца захоўваць свае аблічча і ўзровень.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram