З 24 па 27 лістапада ў Варшаве праходзіў Кірмаш гістарычнай кнігі. На ім быў арганізаваны беларускі стэнд, дзе 13 выдавецтваў і выдаўцоў прадстаўлялі свае выданні. Таксама ладзіліся імпрэзы – сустрэчы з творцамі і прэзентацыі кніг.
Радыё Ўнэт аналізуе вынікі вялікага кніжнага мерапрыемства, якое аб’яднала 180 выдавецтваў з Польшчы, Беларусі і Украіны. Адзін з арганізатараў беларускай праграмы на Гістарычным кніжным кірмашы, архітэктар і калекцыянер Андрэй Далгоўскі паведаміў, што «ў гэтым годзе, у параўнанні з мінулымі, вельмі многа беларусаў. Шмат людзей прыходзіць і рэальна цікавіцца беларускай літаратурай. Зусім малая колькасць кніг паедзе далей на склады. Напрыклад, у аднаго з выдаўцоў 80% было прададзена».
Андрэй Янушкевіч, пра якога ідзе гаворка, прадаў амаль тысячу асобнікаў. Ён расказаў карэспандэнцы радыё пра патрэбы пакупнікоў: «З улікам таго, што гэта выстава гістарычнай кнігі, то шмат цікавіліся гісторыяй Беларусі, разнастайным нон-фікшн, выданнямі пра культуру. Але трэба адзначыць, што пакупнікі парадавалі і вялікай увагай да мастацкай кнігі і дзіцячай літаратуры.
Людзі пастаянна пытаюць пра працяг серыі пра Гары Потэра, пра серыю «Вядзьмар», жадаюць, каб выходзіла больш разнастайных дзіцячых кніг. Ёсць запатрабаванне нават на такі спецыфічны для Беларусі жанр, як коміксы. Беларускі чытач паказвае сябе не горш, чым сярэднестатыстычны еўрапейскі, інтарэс самы разнастайны. Я думаю, беларускія выдаўцы будуць задавольваць такі попыт».
Нагадаем, што ў Варшаве беларускую сучасную і перакладную літаратуру можна набыць у Беларускім моладзевым хабе. Усім астатнім інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» прапануе кніжкі ў электронным і папяровым выглядзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram