2 і 3 снежня ў 20.00 у Тэатры Druga Strefa ў Варшаве (вул. Magazynowa, 14A) адбудзецца паказ спектакля “Frau mit Automat” у выкананні тэатра «Крылы халопа».
“Frau mit Automat” — гэта аўтабіяграфічная драма, у якой даследуюцца розныя ідэнтычнасці жанчыны: Жонка, Маці, Каханка, Ахвяра, Фурыя.
У аснове тэксту – досвед людзей, які выраслі ў 1990-я гады пасля распаду СССР – рэжысёркі і кіраўнічкі тэатра Аксаны Гайко і драматурга Лёхі Чыканаса. Спектакль суправаджаецца жывой музыкай, напісанай і выкананай адной з лепшых сучасных беларускіх кампазітарак – Вольгай Падгайскай. Брэсцкая мастачка Святлана Гусакова стварыла касцюмы, рэквізіт і лялькі.
Кожная сцэна – усяго іх сем – прадстаўляе розныя віды паэтыкі і тэатральныя жанры: опера, стэндап, лялечны тэатр, дакументальны тэатр.
Тэкст дазваляе зазірнуць у інтымнасць аўтара, у прыватную сферу (успаміны пра мужчын, якія ў розных формах дамінавалі над ёй у асабістым жыцці; жудасная памяць пра гвалт над ёй у падлеткавым узросце, супярэчлівы досьвед мацярынства пад сацыяльным ціскам), ён спалучае ў сабе досьвед жанчын у мінулым і цяпер.
Тэкст быў напісаны да падзей 2020-га, таму давялося яго акуталізаваць, і сцэны пра вопыт выжывання, падтрымкі адна адной жанчынамі ў Асвенцыме (у спектакль увайшлі ўрыўкі з даследавання Джоан Рынгельхайм «Жанчыны і Халакост») узбагаціліся выказваннямі жанчын, якія прайшлі турэмны досвед на Акрэсціна. У выніку паказанні жанчын 1940-х сутыкаюцца з амаль ідэнтычнымі паказаннямі сучасніц з СІЗА на Акрэсціна і іншых беларускіх турмаў.
Рэжысёр — Аксана Гайко
Тэкст — Аксана Гайко, Лёха Чыканас
Актрысы — Аксана Гайко, Святлана Гайдалёнак
Кампазітар і музыкант — Вольга Падгайская
Сцэнаграфія — Света Гусакова
Відэа — Света Гусакова, Карына Баратава
Гук, святло — Віталій Эпаў
Мова: руская з польскімі субцітрамі
Уваход: 40,00 злотых
Набыць квіток на 2.12.22 можна тут.
Набыць квіток на 3.12.22 можна тут.
Працягласць: 95 хвілін