І тут таксама «Рахманінаў»? — у Віцебску аднавіў працу Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC

Культура
Падчас адкрыцця Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Фота: vitbichi.by.

Вядомы і старэйшы на постсавецкай прасторы фэст сучаснай харэаграфіі аднавіў сваю працу пасля двух гадоў маўчання. Пры падтрымцы дзяржаўных уладаў ён праходзіць зараз у Віцебску з 23 па 27 лістапада.

Калі да 2020 года на IFMC прыязджалі калектывы і артысты з Іспаніі, Італіі, Швейцарыі, Японіі, Польшчы, Украіны і гэтак далей, то сёлета прадстаўніцтва абмяжоўваецца Беларуссю і Расіяй. Спектакль адкрыцця — «Рахманінаў» Барнаулскага маладзёжнага ансамбля песні і танца «Алтай». У міжнародным конкурсе сучаснай харэаграфіі — расійскія і беларускія танцоўшчыкі і тэатры танца.

Што адметна, журы фестывалю захавала міжнародны статус.

Сёлета ў яго склад увайшлі: прэм’ер Марыінскага тэатра, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Ігар Колб; танцоўшчык, мастацкі кіраўнік «Balmanukyan Dance Project» Арман Балманукян (Арменія); харэографка, танцоўшчыца, педагог STEPZ Dansestudio ў Капенгагене Jeanne Yasko (Данія); танцоўшчык, мастацкі кіраўнік «The Kirov Dance Company» Igor Kirov (Паўночная Македонія); харэаграфка, мастацкі кіраўнік Чалябінскага тэатра сучаснага танца Вольга Пона (Расія); салістка Каралеўскага балета Швецыі Ірына Лаўрэнава.

Нельга сказаць, што праграма адноўленага форуму выглядае слабой: сярод удзельнікаў фестывалю — незалежныя кампаніі сучаснага танца, Тэатр «Балет Евгения Панфилова«; у пастаноўцы кубінскага рэжысёра Маура Маралеса пакажуць спектакль «Скура». Екацярынбургскі тэатр сучаснай харэаграфіі, беларуская харэографка Вольга Лабоўкіна прадставяць свой сумесны з артыстамі казанскага Театра танца «Дорога из города» спектакль «Не будзіце спячую сабаку». Гэта — імёны і тэатры, што маюць на ўвазе высокі ўзровень майстэрства.

То-бок, у сітуацыі «моцнага расійска-беларускага супрацоўніцтва», якая сёння існуе, арганізатары паспрабавалі зрабіць годны фестываль, і, пэўна, у іх атрымалася абысціся без навязанага «кітчу». А ўлічваючы, што мова сучаснай харэаграфіі ў большасці сваёй прадугледжвае гледача больш падрыхтаванага, адкрытага, то сярод дзяржаўных фэстаў IFMC на дадзены момант выглядае найбольш выгодна.

Таксама нельга не адзначыць яшчэ адзін важны момант у дачыненні да IFMC, — яго арганізатары засталіся тымі ж з 2019 года. У першую чаргу, гаворка ідзе пра аўтарку ідэі фэсту, дырэктарку Марыну Раманоўскую, якая стварыла форум харэаграфіі з нуля яшчэ ў 1990-я. То бок мы не бачым сітуацыі як з міжнародным кінафестывалем «Лістапад», калі падзея, што на працягу дзесяцігоддзя стварала адна каманда — кампанія «Арт Карпарэйшн», аддаецца іншаму іграку. Гэта вельмі важна, што ў арганізацыйным плане фэст захаваў сваю каманду.

Ды ўсё ж у актуальным культурным і грамадска-палітычным кантэксце мы не можам пазбегнуць відавочных пытанняў, якія не знікаюць, нягледзячы на «акупацыйнае становішча»: наконт ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну і дэкаланізацыі беларускай культуры. У гэтым сэнсе момант, які сам за сябе гаворыць на сёлетнім аглядзе, — гэта адсутнасць на IFMC-2022 калектыву Kyiv Modern-Ballet на чале з малдаўскім харэографам, выпускніком Беларускай акадэміі музыкі, знаным пастаноўшчыкам Раду Паклітару — даўнім удзельнікам віцебскага фэсту і ўлюбёнцам публікі. Тэатр прызнанага на міжнароднай сцэне артыста заўжды быў жаданым госцем у горадзе на Заходняй Дзвіне.

Сёлета яго непрыезд асабліва кідаецца ў вочы.

Дарэчы, Kyiv Modern-Ballet толькі нядаўна аднавіў працу ў пацярпелым ад бамбёжак Кіеве.

Магчыма, у зададзенай рамцы невыносных кампрамісаў дзяржаўнаму фестывалю варта рабіць стаўку толькі на беларускую сучасную харэаграфію?

Фестываль аднавіўся, але вайна працягваецца.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: