У мінскай галерэі ДК працуе выстава беларускага мастака Міхаіла Гуліна – «Нічога новага». Адзін з выбітных аўтараў беларускага contemporary art ва ўмовах спустошанай прасторы робіць яснае выказванне, каб выявіць наш стан і акрэсліць тое месца, дзе мы сёння знаходзімся.
Reform.by паспрабаваў разабрацца ў пасланні мастака-канцэптуаліста і даследчыка сацыяльных стэрэатыпаў Міхаіла Гуліна.
***
Насамрэч сваю персанальную выставу Міхаіл Гулін пачаў планаваць у галерэі ДК даволі даўно – яшчэ ў пачатку гэтага года: падрыхтоўка новага выставачнага праекта звычайна патрабуе шмат часу.
Канцэпцыя будучай экспазіцыі паступова склалася, аднак пачалася вайна – і ўсё пасыпалася: вельмі многім аўтарам давялося наноў пераасэнсоўваць, чаму ўвогуле трэба займацца мастацтвам і як гэта цяпер рабіць.
Таму за назвай «Нічога новага» – шмат канстатацый. Разгубленасць аўтара перад драматычнымі падзеямі, фіксацыя стану беларускай арт-прасторы і спроба абазначыць сваю прысутнасць. Перад самай выставай Міхаіл Гулін прыклаў намаганні і прымусіў сябе зрабіць некалькі новых работ, але большасць твораў зроблена раней.
Каму ж адрасуе сам мастак гэтую фразу – «нічога новага»? У анатацыі да выставы ўсё нібы патлумачана. Мастак звяртаецца да гледача, які прагне свежых уражанняў, іначай навошта яму хадзіць на выставы. Арыгінальных аўтарскіх рашэнняў патрабуе і крытык, хоць і разумее, што новае – толькі ўтопія. І мастак змяшчае сябе паміж гэтымі двума полюсамі – «як карысны інструмент, што абслугоўвае іх фантазіі».
Але апошняя фраза з анатацыі даволі іранічная, як безумоўна іранічная і назва выставы. Аўтар – вядомы правакатар беларускай арт-сцэны, які свае гульні з гледачом паступова выкшталціў да дасканаласці. Таму, уваходзячы ў прастору гіперспасылак, што зашыфраваны ў творах Міхаіла Гуліна, глядач становіцца часткай і непасрэдным удзельнікам гульні, самой гіперспасылкай, якая вядзе ўласнага бэкграўнду і назапашанага досведу ўспрымання мастацтва.
***
Міхаіл Гулін – мастак-канцэптуаліст, аўтар вельмі правакатыўных перформансаў і твораў, праз якія даследуе сацыяльныя стэрэатыпы, выкарыстоўваючы для гэтага вобразы поп-культуры і класічнага мастацтва. Таму ў гэтых жывапісных палотнах «лінкі» на цэлыя пласты культуры.
«Праз шок мы прыходзім да ачышчэння» – такой ідэяй кіруецца аўтар, маскіруючы свой аналітычны інструментарый пад сцёбам і іроніяй. Але яго канчатковая мэта больш сур’ёзная – паставіць гледача ў тупік, і справакаваць на нечаканую, але важную рэакцыю, якая многае распавядзе пра чалавека і грамадства.
У прасторы ДК Міхаіл Гулін уводзіць у экспазіцыю «назіральнікаў» – піксельных дыназаўрыкаў са старой камп’ютарнай гульні, зафіксаваных у момант смерці. У гэтую гульню, па словах стваральнікаў, можна іграць мільёны гадоў – бясконцы працэс памірання і адраджэння.
«Унутраны назіральнік» ускладняе ўспрыманне выставы, бо глядач з самастойнай фігуры сам ператвараецца ў аб’ект для назірання. Колькі мы за гэты час паміралі? І колькі нараджаліся?
Яшчэ адзін прыём – гэта спалучэнне розных карцін дзеля ўзмацнення ўздзеяння. Напрыклад, кампазіцыю з двух неспалучальных палотнаў на сцяне аўтар тлумачыць наступным чынам: «Кропка перасячэння вобраза шпіца і вобраза Хрыста – боль і спачуванне да гэтага свету. Гэта не дыптых. У сілу абставінаў я даўно канструюю выставы з розных работ. І праекты вяду так, каб можна было іх перакройваць. Любімчык (шпіц) – гэта ж, вядома, «старая добрая казка»».
Відавочны на гэтай выставе і аўтарскі фірмовы прыём, – даследаванне сацыяльных стэрэатыпаў, закладзеных у творах масавай культуры.
Напрыклад, патрыярхальных вобразаў мужнасці. Іранічнымі гэтыя вобразы становяцца па прычыне таго, што мужнасць – гэта не знешні, а ўнутраны стан. Цягам гісторыі стэрэатыпныя вобразы мужнасці розняцца толькі антуражам. Так, арыгінальны Геракл з форуму ў Рыме намаляваны ў абутку Нямейскага льва, а Міхаіл Гулін выявіў яго ў шкуры тыгра, чыста мужчынскім антуражы. А для палатна «Вялікая надзея» выкарыстана скульптура «Баксёра» – бронзавая статуя эліністычнага перыяду, знойдзеная на схіле Квірынальскага пагорка ў Рыме. Праз некалькі элегантных прыёмаў Міхаіл Гулін асучаснівае гэты вобраз да рэкламнай плакатнасці.
Кавідная серыя («CINEMA-COVID») прапануе гледачу такі ж эфектны скачок у часе. Вядомыя кананічныя героі раптам апранаюцца ў сучасныя маскі, карціны знішчаюць адлегласці і пераварочваюць наша ўспрыманне. Розныя стэрэатыпныя іміджы, сутыкнуўшыся, агаляюць адзін аднаго, становяцца смешнымі і бездапаможнымі.
Адзін з запамінальных твораў на выставе: карціна з выявай Пабла Пікасо і яго музы Сільветт Давід. Гэта копія фатаграфіі, дзе замест твару Пікасо – яго абстрактны аўтапартрэт. Ёсць шмат стэрэатыпаў у стаўленні да абстракцыі. Аднак мастаку не падабаюцца адназначныя трактоўкі.
Міхаіл Гулін толькі задае пытанні і пакідае гледачу поле для інтэрпрэтацый.
Выстава «Нічога новага» – гэта і фіксацыя стану беларускай арт-прасторы, пазначэнне пустот на месцы знішчаных арт-інстытуцый і эмігравалых аўтараў. І гэта выказванне пра бясконцыя паўторы ў полі масавай – і сучаснай – культуры, калі вобразы папулярных класічных твораў ад пастаяннага тыражавання пераўтвараюцца ў зацяганыя іміджы.
What is new? Nothing.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram