Літаратуразнаўца і пісьменнік Міхась Тычына памёр 7 лістапада 2022 года.
Ён нарадзіўся 10 лютага 1943 года ў сям’і ссыльнага селяніна ў Якуціі. Праз чатыры гады сям’я вярнулася ў Беларусь – у вёску Глускага раёна. Пасля філфака Брэсцкага педагагічнага інстытута скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, там жа застаўся працаваць вядучым навуковым супрацоўнікам. Выкладаў літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі.
Ён быў сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра, доктарам філалагічных навук і спецыялістам у галіне літаратуразнаўчай экспертызы.
Быў стрыечным братам Алеся Адамовіча і перакладаў яго на беларускую мову.
Глыбокі знаўца і даследчык нашай літаратуры, ён актыўна друкаваўся як крытык і напісаў некалькі кніг прозы. Нават па назвах асобных яго кніг можна зразумець шырыню навуковых інтарэсаў:
На навіну пра яго смерць адгукнуліся ў сацсетках калегі і вучні. Сярод допісаў – словы ўдзячнасці і жалю:
Сяргей Шапран: «Быў адным з найбольш аўтарытэтных сучасных беларускіх літаратуразнаўцаў. Мусіць, самым аўтарытэтным. А яшчэ светлым і рэдкім чалавекам. І – бездакорным, паставіць побач з якім кагосьці проста немагчыма: Тычына быў такі адзін».
Алесь Суша: «Сёння не стала майго настаўніка, аднаго з найлепшых айчынных літаратуразнаўцаў — Міхася Тычыны, спадара Міхася, як мы яго звалі.
Менавіта ён навучыў мяне не толькі чытаць, але і адчуваць прачытанае. Ён навучыў чытаць між радкоў, навучыў бачыць нябачнае, ненапісанае. Як супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук і аўтар шматлікіх бясконца сур’ёзных кніг, ён нібы стаяў вельмі далёка ад нас. Але яго абаяльнасць дазволіла многім з нас наблізіцца. А яго выключна глыбокія веды пра класікаў і волатаў айчыннай літаратуры зрабілі гэтых волатаў для нас блізкімі, простымі, сваімі».
Анжэла Мельнікава: «М. Тычына – адзін са стаўпоў нашай культуры. Колькі ім напісана і асэнсавана. Ён звяртаўся да галоўных пытанняў і праблем культуры і літаратуразнаўства, да творчасці нашых знакавых пісьменнікаў – Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, І. Мележа, В. Казько etc.
Ягоныя падыходы шмат у чым вызначылі і мой навуковы шлях. Асабліва яго распрацоўкі праблем нацыянальнага, вывучэння беларускай літаратуры ў еўрапейскім кантэксце.
Удумлівы, глыбокі, інтэлігентны. Аўтарытэт і ў навуковым плане і ў маральным. І вельмі чалавечны. Глыбока кранаў сваёй дабрынёй. М. Тычына быў адным з рэцэнзентаў маёй манаграфіі “пад доктарскую”. І сам мне прывёз рэцэнзію на вакзал, каб мне было прасцей. Я і тады ледзь не плакала ад такой яго дабрыні».
Развітанне з Міхасём Тычынам адбудзецца ў сераду (9 лістапада) з 10.00 да 11.00 на Кульман, 33а, у рытуальнай зале.