Сёння, 17 кастрычніка, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні адкрываецца выстава «Бела-чырвона-белы».
Гэты мабільны праект пераехаў у Вільню з Варшавы.
Згадаем яго перадгісторыю.
Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве (у супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Польшчы) ініцыяваў міжнародны конкурс плакатаў «Бела-чырвона-белы», прымеркаваны да другой гадавіны беларускай рэвалюцыі. 9 жніўня 2022 года на агароджы варшаўскага парка Лазенкі (Пленэрная галерэя музея Каралеўскіх Лазенак) адкрылася выстава пераможцаў.
Экспазіцыю суправаджала інфармацыйная шыльда: «Мы апелюем да таго, каб памятаць пра рэпрэсаваных за польскай усходняй мяжой ды пра салідарнасць з нашымі суседзямі на іх шляху да свабоды і дэмакратыі – гэтак жа, як вольны свет салідарызаваўся і падтрымліваў імкненні польскага грамадства падчас барацьбы «Салідарнасці» ў складаныя часы ваеннага становішча».
А напрыканцы жніўня ў рамках кампаніі салідарнасці #BiałoCzerwonoBiały Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве размясціў плакаты-пераможцы міжнароднага конкурсу, прысвечанага беларускай рэвалюцыі, на больш чым 100 асветленых прыпынках грамадскага транспарту ў розных месцах польскай сталіцы.
Чарговае адкрыццё мабільнай выставы адбудзецца сёння а 19 гадзіне ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, Vilniaus, 20, Вільня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram