Слынная паэма Якуба Коласа «Новая зямля» атрымала новае візуальнае прачытанне. Выдавецтва Papury.bel перавыдала знакаміты твор з ілюстрацыямі беларускай мастачкі Лізаветы Лянкевіч.
Лізавета Лянкевіч — маладая беларуская мастачка і кніжны графік, дзякуючы працам якой вядомыя творы беларускай літаратуры набываюць новыя жыцці. У даробку аўтаркі — праца над «Палескімі рабінзонамі» Янкі Маўра, «Азбукай» Рыгора Барадуліна, за якую яна атрымала Прэмію Цёткі; сёння ілюстрацыі Лізаветы ўпрыгожылі коласаўскую паэму «Новая зямля».
Як патлумачыла выдавецтва, гэта падарунак для чытачоў яно падрыхтавала да 140-годдзя беларускага класіка, што адбудзецца ў лістападзе. На дадзены момант гатовыя сігнальныя экзэмляры, сама кніга з’явіцца на сайце выдавецтва і ў кнігарнях пасля 20 кастрычніка.
— Мы атрымалі сігнальныя экзэмпляры і спяшаемся падзяліцца з вамі радасцю. Шэдэўр айчыннай літаратуры, цар-звон беларускай паэзіі, энцыклапедыя народнага жыцця, першы беларускі раман у вершах, адысея беларускай літаратуры, беларускі нацыянальны эпас… Так у розныя часы крытыкі і літаратуразнаўцы пісалі пра гэты твор. Чакаем! Хутка з’явіцца ў продажы, — анансавалі выхад, мяркуючы па фатаграфіях, шыкоўнага выдання супрацоўнікі «Папуры».
Сачыць за навінамі выдавецтва можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram