На цэнтральнай плошчы Любліна (Plac Litewski) размясціліся 32 лайтбоксы з фотаздымкамі людзей, якія спрабуюць уладкавацца на табурэтцы з дзвюма ножкамі. Так выглядае праект беларускага фатографа Зміцера Вайноўскага «На нашым месцы».
Фотавыстава на адкрытым паветры прысвечана эмігрантам, няпэўнасці іх самаадчування ў чужой краіне.
Аўтар прапанаваў люблінцам адчуць сябе на месцы ўцекачоў – праз пошук раўнавагі на нязручнай хісткай табурэтцы без адной нагі.
Reform.by паразмаўляў са Змітром Вайноўскім пра этапы стварэння фотапраекта, самапачуванне эмігранта, фарматы дапамогі і ўдзячнасці.
– Якая перадгісторыя ў вашага праекта? Адкуль з’явілася гэтая ідэя з паламанай табурэткай?
– Гэты праект прысвечаны людзям, якім я вельмі ўдзячны. Ён – пра шлях эмігранта, пра яго спробу быць зразуметым. Пра тое, што ты адчуваеш, калі праходзіш гэтым шляхам эмігранта, эмацыйна вельмі складаным для таго, хто па ім ідзе. Тут найперш мой асабісты досвед, мая разгубленасць перад няпростымі абставінамі лёсу. Аднак мне вельмі пашанцавала, бо я на сваім шляху сустрэў вельмі добразычлівае стаўленне.
– Мне здаецца, што праект – пра адчуванне выкінутасці ў свет.
– Так, і пра гэтае: ты ўжо не там, але яшчэ не тут. Ты ў памежных водах. Гэта пра стан, калі ў цябе няма ні пашпарта, ні статусу, ні працы…
– І пра балансаванне…
– Так, бо ты губляеш раўнавагу, якую да гэтага меў. Няма на што абаперціся.
– Хто героі вашых фотаздымкаў?
– Гэта людзі, якіх я сустрэў у гэтым горадзе, хто дапамагаў беларусам. Хто стараўся сесці на маё месца. У палякаў ёсць выраз: «Надзень мае боты», мы ж у той жа сітуацыі кажам: «Сядзь на маё месца».
– То-бок у вас атрымаўся пераклад з польскай мовы на беларускую, толькі літаральна?
– Так, людзі паспрабавалі сесці на месца ўцекача, зразумець яго, якую культуру ён прадстаўляе. Гэта таксама тыя, з кім я працаваў у тэатры і займаўся сумеснымі сацыяльнымі і культурніцкімі праектамі. І я ім удзячны.
Сярод маіх герояў ёсць дзяўчына, з якой мы пазнаёміліся ў Любліне, і высветлілася, што яна год таму працавала ў мэрыі, дзе разглядалі маю заяўку на гэты праект. І менавіта яна займалася яго прэзентацыяй, не ведаючы, хто я. Дзякуючы ёй праект быў абраны. Мне падаўся цікавым гэты сюжэт, таму я яе запрасіў.
Ёсць мая юрыстка з Інстытута міжнародных адносін, якая займалася маёй справай цэлы год і без аплаты.
Ёсць сябры праваабарончай арганізацыі Homo Faber, якая супрацоўнічае з беларусамі Любліна.
Ёсць людзі, з якімі я працаваў у тэатры. І тыя, якія займаліся беларускімі праектамі, напрыклад, супрацоўнікі часопіса Kultura Enter. Яны ўдзельнічалі ў арганізацыі прыезду ў Люблін Альгерда Бахарэвіча і Юліі Цімафеевай, яны зладзілі рэзідэнцыю для Купалаўцаў, каб яны паказалі ў горадзе спектакль «Гусі-людзі-лебедзі» паводле рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Дарэчы, цікавае супадзенне, што тэатр, у якім я працаваў, пабудаваў Караль Казлоўскі, які таксама быў архітэктарам Купалаўскага тэатра. Гэтыя два будынкі вельмі падобныя ўнутры. Яшчэ адно супадзенне ў тым, што я здымаў першыя рэпетыцыі «Вольных купалаўцаў» яшчэ ў ОК16, калі толькі яны толькі сышлі з тэатра і рэпетавалі там «Тутэйшых».
Тут ёсць Кшыштаф Станоўскі (былы намеснік кіраўніка польскага МЗС і міністра адукацыі Польшчы), які шмат гадоў апякуецца беларусамі, а ў Любліне падтрымаў дзве мае выставы. Ён таксама працуе ў люблінскай мэрыі. Хоць я кантактаваў з ім як з чыноўнікам, ён даў мне сваю візітоўку, каб я неадкладна звяртаўся ў выпадку праблем.
– Чаму многія палякі так падтрымліваюць беларусаў?
– Калі я рабіў у Любліне сваю першую выставу, прысвечаную беларускім пратэстам, спытаўся пра ўражанне. Кшыштаф сказаў, што беларуская рэвалюцыя нагадвае ім маладосць і часы «Салідарнасці»: «Мы тады адчувалі сябе жывымі».
– Сёння мы неяк слаба адчуваем сябе жывымі… А чаму вы размясцілі Кшыштафа Станоўскага на чыгуначных шляхах?
– Ён лакаматыў, актыўны чалавек, што ніколі не спыняецца.
– Ага, не проста, каб стварыць раўнавагу ў кампазіцыі. То-бок фон для кожнага героя выбраны адмыслова?
– Так, я патраціў шмат часу на пошук адпаведных месцаў для кожнай фатаграфіі. Амаль усіх маіх герояў я здымаў а чацвёртай-пятай раніцы, тады праяўляецца адмысловае святло. Чалавеку, каб прыехаць на месца здымкі, трэба было ўстаць у тры ці чатыры. Ён прыязджае, такі заспаны, і ты яго ловіш у аб’ектыў, шукаеш асаблівыя моманты. Яны нават падалі з гэтай табурэткі, шмат цікавых сюжэтаў атрымалася. Але я браў моманты, для іх нечаканыя. Ім жа не паказваў адабраныя кадры, таму на адкрыцці выставы мае героі крыху хваляваліся. А пасля пыталіся: «І навошта мы так скакалі вакол гэтага зэдліка?». «А каб вы скінулі з сябе тое, што прывезлі мне паказаць».
– У сваім тэксце вы падкрэсліваеце, што людзі па-рознаму ўтрымлівалі раўнавагу – упэўнена і не. Вы лавілі нейкія асаблівыя моманты іх рухаў?
– Перад здымкамі я вырашыў, што я буду лавіць момант страты раўнавагі. Мне здавалася, што тады я зафіксую нейкую цікавую эмоцыю. А пасля ўбачыў, што ў гэты момант ва ўсіх быў аднолькава спалоханы твар. І тады я зразумеў, што трэба даць магчымасць чалавеку ўстойліва сесці і паназіраць, як ён будзе выглядаць. На табурэтцы з дзвюма ножкамі насамрэч нескладана ўтрымацца. Няўстойлівая табурэтка – гэта метафара, якая звяртае ўвагу на праблему уцекачоў. І цікава тое, што гэтыя моманты балансавання раскрылі тых людзей, якія падтрымалі нас у няпростыя часы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram