Найбуйнейшы і найстарэйшы ў свеце фестываль, які прадстаўляе бардаўскую ды аўтарскую песню на беларускай мове, пройдзе сёлета на Падляшшы з 28 па 30 кастрычніка.
За адраджэнне фэсту пасля двухгадовага перапынку ўзяўся Фонд «Тутака», вядомы беларусам па арганізацыі шматлікіх культурніцкіх мерапрыемстваў за апошнія гады — у прыватнасці, «Фестывалю Абуджаных» на Беласточчыне.
«Бардаўская восень» – гэта цыклічнае мерапрыемства, якое адбываецца на Падляшшы амаль 30 гадоў. На сцэне фестывалю ў розныя гады выступалі Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Барышнікаў, Naviband, Relikt, ILO&friends, Алесь Камоцкі, BosaeSonca, Сяржук Доўгушаў ды іншыя выканаўцы. «Бардаўская восень» неад’емна была звязана з імём дызайнера, культуролага і аўтара песень Міхала Анемпадыстава — ён быў сябрам журы фестывалю, аўтарам плакатаў, якія сталі фірменным знакам падзеі. Пасля ягонай смерці ў 2018 годзе «Бардаўская восень» зноў шукала сваё аблічча.
Сёлета мерапрыемства завітае ў тры падляскія мясцовасці: Бельск Падляскі, Беласток і Гарадок.
Даты і месцы канцэртаў:
28.10 – Бельскі Дом Культуры (Бельск Падляскі).
29.10 – Беластоцкі Тэатр Лялек (Беласток).
30.10 – Гмінны Цэнтр Культуры (Гарадок).
Плануецца, што ў праграме фэсту да музычных выступленняў дададуцца творчыя сустрэчы з сучаснымі беларускімі літаратарамі.
Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве.
Фэстываль адбываецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства Унутраных Спраў і Адміністрацыі Польшчы, гораду Беластоку, Падляскага ваяводства, Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
Сачыць за падзеяй можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram